Віцебскіх актывістаў БХД вінавацяць у “лаянцы матам”
Актывісты БХД Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўрэнаў знаходзяцца ў Першамайскім РАУС Віцебску. Машыну, якой кіраваў Лаўрэнаў, спыніла ДАІ.
18:00 Абодвух затрыманых хлопцаў вінавацяць у «лаянцы матам». Суд над імі яшчэ не адбыўся.
На думку каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяны Севярынец, затрыманьне Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука зьвязана з тым, што 19 сьнежня — угодкі акцыі ў Менску:
«Хлопцаў затрымалі без усялякай прычыны, але іхныя перасоўваньні відавочна адсочвалі. Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, якой кіраваў Станіслаў, чамусьці сталі правяраць дакумэнты ў Аляксея. А ў яго не было пры сабе пашпарта, і хлопца павезьлі ў міліцыю. Там і склалі пратакол, што яны нібыта „лаяліся матам“, а што да Станіслава, дык яму ўпісалі, здаецца, і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Галоўная мэта была, я так мяркую, „зачыніць“ хлопцаў хаця б да заўтра, каб ня зладзілі якой акцыі ў Віцебску».
Тацяна Севярынец здолела сустрэцца толькі з адным затрыманым, Аляксеем Кішчуком. Дзе на той час знаходзіўся Станіслаў Лаўрэнаў, ёй не сказалі. Спадарыня Севярынец перадала хлопцу прадукты на выпадак затрыманьня. Так яно ўрэшце і здарылася.
Праз тэлефон Аляксей Кішчук пасьпеў паведаміць, што яны разам са Станіславам Лаўрэнавым знаходзяцца ў ізалятары часовага затрыманьня:
«Нам ня кажуць, па якой прычыне мы тут. Суду над намі не было — толькі звазілі да Першамайскага райсуду і прывезьлі назад. Ці будзе суд заўтра — ня кажуць таксама».
Хлопцы мяркуюць, што іхняе затрыманьне зьвязана з актывізацыяй дзейнасьці прыхільнікаў БХД у Віцебску. А таксама з тым, што зьвесткі пра дзейнасьць актывістаў вельмі хутка трапляюць у інтэрнэт і становяцца глебай для абмеркаваньня у асяродку гараджанаў. Гэтак 16 сьнежня, у Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі, іхныя аднадумцы вывесілі ў горадзе бел-чырвона-белы сьцяг і банэр «Свабоду палітвязьням». А за некалькі дзён да таго па Віцебску езьдзіў тралейбус з прымацаваным бел-чырвона-белым сьцягам, і гэтую акцыю таксама зладзілі прыхільнікі стварэньня БХД.