Яўген Васьковіч правёў чарговыя 10 сутак у штрафным ізалятары
Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага актывіста Рушанія Васьковіч. Па яе словах, фактычна кожны месяц Яўген трапляе ў карцэр, аднак назваць прычыну безупынных спагнанняў ейнага сына адміністрацыя калоніі не пагаджаецца.
Рушанія Васьковіч:
– Сядзеў з 28 лістапада па 8 снежня. Лічыце, амаль кожны месяц – у пачатку ці ў сярэдзіне – ён там. Не сумуе. За што? За тое, што ўпарта трымаецца. Прычыны іншай няма. Ён жа з імі не сварыцца. А мне прычыну ніхто дакладна не скажа.
Мінулым разам Яўген Васьковіч быў змешчаны ў штрафны ізалятар напачатку кастрычніка. Негледзячы на гэта, па словах ягонай маці, трымаецца Яўген бадзёра. Да яго пачалі даходзіць лісты не толькі ад родных, але і ад сяброў. Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзелу КДБ. У верасні гэтага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, пасля таго як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка адмаўляюцца пісаць такое прашэнне.