Пасля Раства ” Святло Раства і цемра злоснай ўлады ” (з Нядзельных гутарак а. Аляксандра Шмемана)
Сёння праваслаўная царква ўшаноўвае памяць немаўлятаў, забітых у Віфляеме па загадзе цара Ірада неўзабаве пасля нараджэння там Ісуса Хрыста. З гэтай нагоды падаем на нашым сайце фрагмент адной з Нядзельных гутарак вядомага праваслаўнага багаслова айца Аляксандра Шмемана, якая вельмі актуальна гучыць у сённяшняй Беларусі.
Ледзь толькі дакрануліся мы да радасці Раства, гэтага свята міру, ласкі і добрай волі, што выпраменьваюцца з вобразу Віфляемскага Немаўляткі, як заклікае нас Евангелле быць сведкамі выбуху страшнай злосці да Яго, злосці, якая ўжо ніколі не спыніцца, ніколі не саслабее. Паводле Мацвея 2:1-18: « Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць: дзе народжаны Цар Юдэйскі? Бо бачылі мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся… І сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос? Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, бо так напісана праз прарока… Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час з’яўленьня зоркі і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. Угледзеўшы зорку, яны ўсцешыліся радасцю вельмі вялікай, і ўвайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму, і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну. І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю. Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні з’яўляецца ў сне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет… Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх немаўлятак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: «Голас у Раме чутны, плач, і галашэнне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма». Такі евангельскі аповед.
Пакінем у баку пытанні, якія аповяд гэты несумненна выклікае ў сучаснага чытача: хто былі гэтыя мудрацы, якія прыйшлі з усходу пакланіцца Хрысту? Як разумець пра зорку, што прыйшла ў Віфляем? Якія прарокі абвяшчалі аб нараджэнні Збаўцы ў Віфляеме? І гэтак далей. Усімі гэтымі пытаннямі шмат займаліся навуковыя даследчыкі святога тэксту, і іх адказы цікавыя. Але самае галоўнае ў гэтым аповядзе іншае. Самае галоўнае – гэта рэакцыя Ірада. З гісторыі мы ведаем, што Ірад, які цараваў у Палестыне з ведама рымскіх акупантаў і пад іх заступніцтвам, быў тыранам, жорсткім і несправядлівым. У евангельскім аповедзе даецца нам як бы вечны вобраз сутыкнення зямной улады, якая не мае для сябе іншай мэты, як толькі ўладарыць і ўсімі сіламі умацоўваць і ахоўваць сябе, – з тым, у чым яна бачыць сабе пагрозу і небяспеку. Як усё гэта знаёма нам! Перш за ўсё – страх і падазронасць Ірада. Чым, здавалася б, пагражае яму Немаўлятка, для нараджэння якога нават месца іншага не знайшлося, як пячора? Але вось дастаткова, каб хтосьці – у дадзеным выпадку гэта таямнічыя мудрацы з усходу – назваў невядомае, безабароннае, гаротнае дзіцятка царом, каб быў пушчаны ў ход механізм віжавання, вышуку, расследавання і пераследу. «Тады Ірад таемна заклікаў вешчуноў …». Абавязкова таемна, бо ведае гэтага кшталту ўлада, што дзейнічаць яна можа толькі таемна, і гэта значыць – беззаконна, несправядліва. І далей: «Пайдзіце, – кажа Ірад вешчунам, – старанна выведайце пра Дзіцятка». Так і бачыш наказ следчаму: стварыць «справу», старанна падрыхтаваць яе, каб не было промаху ў расправе, якая рыхтуецца. Затым хлусня: «Апавясціце мяне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму …». Колькі бачылі, колькі перажылі мы такой хлусні, гэткіх ўдараў, што рытуюцца спакваля. І, нарэшце, бессэнсоўная і крывавая расправа: каб знішчыць аднаго, забіць сотні. Дзейнічаць без рызыкі, напралом і не дзеля чаго іншага, як дзеля захавання гэтай жаданай ўлады, у якой няма ніякага апірышча, акрамя гвалту, жорсткасці і гатоўнасці забіваць … Святло Раства і цемра злоснай ўлады, разбэшчанай страхам і падазрэннем. «Слава ў вышынях Богу, на зямлі супакой, у людзях добрая воля», а з другога боку – страшнае злаваленне, якое ніколі не памірае, мярцвянае дыханне мёртвай улады. Нянавісць да святла, да супакою, да свабоды, да любові. Жаданне выкараніць іх без рэшты. Адсутнасць усякай спагады. Што гэтай уладзе да плачу і галашэння маці, не могуць, не хочуць суцешыцца?
Дзве тысячы гадоў прайшло з тых часоў. І ўсе тыя ж дзве ўлады супрацьстаяць адна адной на гэтай нашай шматпакутнай зямлі: улада уладалюбцаў, сляпых ў сваім страху, страшных ў сваёй жорсткасці, – і светлая ўлада Віфлеемскага Немаўляці. І як быццам уся сіла, уся моц у той зямной улады, у яе паліцыі, у яе следчых, у яе несмяротных стукачоў. Але толькі як быццам – бо заўсёды стаіць і свеціць над сусветам зорка, заўсёды ззяе вобраз Немаўляткі на руках у Маці. І не змаўкае песня: «Слава ў вышынях Богу», не памірае надзея, вера, любоў. Прайшло праходзіць Раство: але святло яго застаецца з намі.
Аляксандр Шмеман (1921, Талін, Эстонія — 1983, Нью-Ёрк, ЗША) — святар і вядомы царкоўны дзяяч Правослаўнай царквы ў Францыі і Амерыцы, доктар багослоўя, выбітны літургіст, гісторык царквы, аўтар шэрагу кніг
Нядзельныя гутаркі – штонядзельныя радыёперадачы айца Аляксандра Шмемана, якія ў 60 – 70-х гадах ХХст. гучалі ў эфіры расейскай службы “Радыё Свабода”, а затым былі выдадзеныя асобнай кнігай.