БХД падвяла вынікі 2012 года і распавяла пра планы на 2013 год
Асноўнай палітычнай кампаніяй БХД у 2012 годзе стала кампанія байкоту “парламенцкіх выбараў”. Падчас кампанія байкоту выявілася важная роля БХД як кансалідуючай сілы тых арганізацый, якія выступалі за байкот. Менавіта дзякуючы БХД быў праведзены шэраг значных акцый і інфармацыйных кампаній у падтрымку байкоту. Тое, што ідэя байкоту была выбраная правільна, паказвае той факт, што фактычна “выбары” ў краіне, у першую чаргу ў буйных гарадах, не адбыліся.
Таксама БХД надзяляла шмат увагі вырашэнню праблемаў, якія непасрэдна закранаюць жыцці простых беларусаў, перадусім у межах кампаній “За сямейныя каштоўнасці” і “Рада народных дэпутатаў” (РНД). Так, падчас кампаніі “За сямейныя каштоўнасці” праводзілася актыўная інфармацынйая кампанія за захаванні жыццяў простых беларусаў, былі прапанаваныя змены ў закон “Аб ахове здароўя”, за якія актыўна збіраліся подпісы і якія былі падтрыманыя асноўнымі хрысціянскімі канфесіямі Беларусі. У выніку напачатку 2013 года Савет міністраў скараціў з дзесяці да дзвюх спіс прычынаў, паводле якіх можа рабіцца аборт па сацыяльных паказчыках.
Актыўнай была і дзейнасць БХД у межах РНД. Падчас гэтай кампаніі былі праведзеныя разнастайныя акцыі па вырашэнні лакальных праблемаў грамадзян у 20 градах краінах, збіраліся подпісы за актывізацыю Малога памежнага руху з Польшчай і вырашэнне прадуктовай праблемы ў Гомелі і гэтак далей.
У межах кампаніі за вызваленне палітвязняў быў праведзены шэраг акцый і мерапрыемстваў, створаны тэматычны сайт пра палітвязняў http://padtrymka.16mb.com. Таксама праводзіліся акцыі і мерапрыемствы па ўшанаванні памяці айцоў-заснавальнікаў БХД, святароў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, якія былі аднымі з лідараў беларускага нацыянальнага руху ў міжваенныя часы.
Апроч таго ў 2012 годзе праводзілася актыўная праца па абнаўленні праграмы “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, у рабоценад якой удзельнічалі таксама і незалежныя эксперты.
У 2013 годзе БХД плануе працягнуць сваю дзейнасць у межах Рады народны дэпутатаў і кампаніі “За сямейныя каштоўнасці”. У межах кампаніі за вызваленне палітвязняў плануецца ў лютым распачаць шэраг акцый, мэтай якіх будзе надаць большую вастрыню, як у Беларусі, так і за яе межамі, пытанню вызвалення палітычных зняволеных і ў выніку дамагчыся іх вызвалення.
Таксама на 2013 год запланавана правядзенне акцый салідарнасці з працоўнымі і абяздоленымі, акцый у падтрымку прыватнай уласнасці, каб, у тым ліку, прыпыніць практыку высялення людзей з іх уласнага жытла, якая актыўна практыкуецца ўладамі, перадусім у буйных гарадах.
У сувязі з набліжэннем палітычнай кампаніі 2015 году БХД плануе правесці кансультацыі аб каардынацыі дзейнасці і правядзенні супольных кампаній з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Першая такая духбаковая кансультацыя адбудзецца ўжо 18 студзеня з кіраўніцтвам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На чарзе прафсаюзныя арганізацыі і іншыя дэмакратычныя партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі.