Бабруйск распачаў усебеларускую Хвалю Салідарнасці з палітвязнямі (абноўлена, дадаліся фота)
Бабруйскія актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 12 лютага распачалі ўсебеларускую кампанію “Хваля Салідарнасці”, мэтай якой ёсць падтрымка беларускіх палітвязянў. У акцыях узялі ўдзел таксама актывісты Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Прафсаюзу РЭП.
Як распавяла каардынатарка аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, актывісты распаўсюдзілі сотні ўлётак і плакатаў з інфармацыяй пра палітвязняў па паштовых скрынях бабруйчанаў і сценах дамоў.
Таксама яны вывесілі дзве расцяжкі з заклікам да вызвалення палітвязняў: адзін – на прыпынку грамадскага транспарту “Яловікі”, другі – на ўездзе ў горад. Апроч таго, яны на працягу некалькіх дзён на вуліцах гораду раздавалі гараджанам паштоўкі з заклікам падпісаць іх і даслаць палітвязням – бабруйчаніну, актывсіту БХД Яўгену Васьковічу і зняволену ў Бабруйску праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Гараджане па-рознаму рэагавалі на просьбу, многія не хацелі камунікаваць, казалі, што нічога не ведаюць пра палітвязняў, і толькі некаторыя знайшлі ў сабе мужнасць выказаць некалькі словаў у падтрымку. Сёння ўсе гэтыя паштоўкі былі дасланыя палітвязням.
Адначасова з гэтым дэмакратычныя актывісты на галоўнай плошчы Бабруйска насупраць гарвыканкаму паставілі два снегавікі, якіх часткова пафарбавалі ў чырвоны колер і ўпрыгожылі нацыянальнымі сцягамі. “Такім чынам, сваю салідарнасць нават выказалі бел-чырвона-белыя снегавікі”, – адзначыла Таісія Кабанчук.
Нагадаем, што марафон “Хваля Салідарнасці” пройдзе па 37 гарадах Беларусі і скончыцца акцыяй у Дзень Волі ў Менску.