Яўген Васьковіч правёў у ШІЗА больш за 150 сутак

14 лютага 2013 11:11  |  Галоўныя навіны

Стала вядома агульная колькасць сутак утрымання ў ШІЗА ў месцах зняволення актывіста БХД Яўгена Васьковіча.

 

Пачынаючы з траўня 2011 года ў яго было каля 40 спагнанняў ад кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў, больш за 20 разоў яго знявольвалі ў ШІЗА, у выніку чаго ён правеў у штрафным ізалятары больш за 150 сутак, адзін раз быў змешчаны ў ПКЦ. Такім чынам, пасля прысуду Яўген знаходзіўся ў карцары амаль кожны чацвёрты дзень.

 

Падставы ж змяшчэння яго ў ШІЗА абсалютна абсурдныя: “занавесіў спальнае месца”, “грубасць, нецэнзурная лаянка” і гэтак далей. І гэта пры тым, што ён хрысціянін і не брыдкасловіць у адрозненні ад іншых асуджаных.

 

Як адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, людзям на волі нават цяжка ўявіць, у якіх умовах знаходзяцца ў Беларусі палітвязні. “Словы пра катаванні – не перабольшванне, а рэальнасць, з якой кожны дзень сустракаюцца палітзняволеныя”, – сказаў ён.

 

“Ведаючы гэта, мы павінны ўзмацніць намаганні па іх вызваленні. Мы павінны пачынаць з сябе: напісаць ім паштоўку, распавесці пра іх сябрам, далучыцца да “Хвалі салідарнасці”. БХД абавязкова будзе інфармаваць беларускую і сусветную супольнасць пра сітуацыю з Яўгенам Васьковічам і дзеянні ўладаў у дачыненні да яго”, – паведаміў Дзяніс Садоўскі.

Болей навін