Мінюст прыдумаў тры абсурдныя прычыны для нерэгістрацыі МХД
Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі грамадскага аб’яданная “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты”. Як адзначыла старшыня МХД Марына Хоміч, гэтым ён паказаў усю сваю абсурднасць.
Для адмовы былі знойдзеныя тры падставы. Першая з іх заключаецца ў тым, што, паводле Мінюста, заснавальнікі ў дакументах нібыта напісалі несапраўдныя дадзеныя пра свае месцы працы, а значыць, яны маўляў не прысутнічалі на ўстаноўчым сходзе. У спіс тых, хто нібыта падаў несапраўдныя звесткі, патрапіла і намесніца старшыні МХД Вольга Кавалькова, якая таксама была сакратаркай сходу.
“Атрымліваееца, што Вольга Кавалькова, якая праводзіла сход, на ім жа і не прысутнічала”, – адзначыла Марына Хоміч, падкрэсліўшы, што ўся працэдура таго, як людзі ставілі свае подпісы, зафіксаваная на відэа.
Другая прычына для адмовы – дакументы, якія патрабаваў Мінюст насуперак заканадаўству і якія МХД адмовілася прадстаўляць, у тым ліку дамова з арандатарам памяшкання. “Падача гэтых дакументаў нідзе не прапісаная, і мы неабавязаныя іх падаваць”, – заявіла старшыня МХД.
Самай жа абсурднай стала трэцяя прычына. Па версіі Мінюста, ставаральнікі МХД у статуце арганізацыі парушылі закон Рэспублікі Беларусь аб правапісе беларускай мовы, у прыватнасці параграфы 33 і 63 пра напісанне вялікіх літар і двукоссяў у назве арганізацыі. Разам з тым, статут МХД ёсць копіяй статуту “Рух “За Свабоду”, і там гэтыя ж самыя “памылкі” не выклікалі ніякіх пярэчанняў уладаў (на фота).
“Нас вельмі цешыць, што ў Мінюсце працуюць такія глыбокія мовазнаўцы, але лепш бы яны ў такім разе выправілі шматлікія памылкі і русізмы, якія яны нарабілі ў сваім адказе”, – адзначыла Марына Хоміч.
“Безумоўна, мы не чакалі, што нас зарэгіструюць. Але прыведзеныя зачэпкі паказваюць усю абсурднасць беларускіх уладаў і простае нежаданне рэжыму нас рэгістраваць. Тым не менш, мы будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд на неправамоцнасць дзеянняў Мінюста”, – сказала яна, падкрсэліўшы, што адмова ніяк не паўплывае на дзейнасць МХД.