Дырэктар Усходняга дэпартамента МЗС Польшчы сустрэлася з беларускай апазіцыяй
Дырэктар Усходняга дэпартамента Міністэрства замежных спраў Польшчы Эва Фігель сустрэлася ў Менску з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. У сустрэчы таксама прыняў удзел надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка. “Актывізацыя дыялогу афіцыйнага Менска з краінамі Еўразвяза магчыма толькі пасля выканання рэжымам Лукашэнкі палітыкі “трох крокаў”, такую пазіцыю выказаў у час сустрэчы сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
– Размаўляць з беларускімі ўладамі трэба, але трэба ведаць дзеля чаго і мэту гэтых перамоў. Наша пазіцыя наступная – трэба прытрымлівацца трох крокаў, якія былі прынятыя раней кааліцыяй дэмакратычных сілаў – гэта вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных вязняў, правядзенне свабодных выбараў і рэфармаванне беларускай эканомікі з дапамогай Еўразвяза. Толькі ў такім парадку неабходна весці размовы і ў той паслядоўнасці, якую я назваў.
Як распавёў Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік польскага МЗСу выслухаў таксама меркаванні прадстаўнікоў беларускай апазіцыі наконт удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў саміце “Усходняга Партнёрства”, які пройдзе восенню ў Вільні.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя