У Віцебску прайшла малітва за палітвязняў (фота)
У Віцебску 18 лютага актывісты аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў межах марафону “Хваля Салідарнасці” правялі супольную малітву за палітвязняў.
Яна праходзіла каля Ефрасіннеўскага крыжа. “Нас было няшмат, але людзей у чорным, якія пільна сачылі за намі і былі гатовыя ў любы момант на нас накінуцца, было ў два разы больш”, – адзначыла каарданатарка БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Тым не менш, адзначыла яна, акцыя прайшла без затрыманняў. Скончыўшы малітву гімнам “Магутны Божа” і воклічам “Жыве Беларусь!”, яе ўдзельнікі разышліся.
Апроч таго, віцебскія актывісты 18 лютага распаўсюдзілі ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў і заклікам падтрымаць іх ля прахадных шасці віцебскіх заводаў.
Нагадаем, 16 лютага ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры горада ля Плошчы Свабоды пасля таго, як яны вывесілі расцяжку “Свабоду палітвязням”. 17 лютага разам віцебскія актывісты напісалі лісты беларускім палітвязням.