Зварот з нагоды Дня роднай мовы
Зварот
з нагоды Дня роднай мовы
Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
Наша мова для нас святая,
бо яна нам ад Бога даная
Францішак Багушэвіч
21 лютага азначаецца міжнародны дзень роднай мовы. У нашай краіне з улікам сітуацыі з мовай тытульнай нацыі гэты дзень набывае асаблівае значэнне. Родная мова дадзеная нам Богам!
У 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ЮНЕСКА аднесла беларускую мову да моў, якія апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Працэс скарачэння выкрыстання беларускай мовы ў афіцыйнай публічнай прасторы набыў асабліва пагрозлівыя памеры пасля рэферэндуму 1995 года.
Беларусь застаецца адзінай у свеце краінай, якая не мае вышэйшай адукацыі на афіцыйнай дзяржаўнай мове. На сённяшні час толькі 0,2% студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і 16% школьнікаў навучаюцца на беларускай мове. Адсотак моладзі, якая атрымлівае адукацыю на беларускай мове, скарачаецца з года ў год. Нярэдкімі з’яўляюцца выпадкі, калі дзяржаўныя чыноўнікі не валодаюць або ў недастатковай ступені валодаюць афіцыйнай мовай сваёй дзяржавы.
Моўная палітыка незалежнай Рэспублікі Беларусь не адпавядае запатрабаванням беларускага грамадства і нацыянальным інтарэсам нашай дзяржавы. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 года 84% грамадзян лічаць сябе беларусамі, а 53% вызначылі беларускую мову ў якасці роднай.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты як нацыянальная палітычная сіла заўсёды стаялі на пазіцыях адраджэння, развіцця і пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы у нашым грамадстве.
Моўнае пытанне з’яўляецца прынцыповым для БХД, таму што закранае асновы грамадскага ладу. Для хрысціянскіх дэмакратаў вельмі важна заставацца вернымі сваім духоўным традыцыям, пераймаць іх ад папярэднікаў і перадаваць наступнікам. Абыякавае і нядбайнае стаўленне дзяржавы да беларускай мовы пазбаўляе нас пераемнасці, знішчае пачатую задоўга да нас традыцыю.
Мы лічым, што толькі у межах Рэспублікі Беларусь як нацыянальнай дзяржавы беларусаў можна забяспечыць годныя ўмовы для існавання і развіцця беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі. Занядбанне роднай мовы нясе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты выступаюць за адмену зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь паводле вынікаў рэферэндуму 1995 года, які быў праведзены ў парушэнне дзеючага заканадаўства.
БХД як нацыянальная палітычная сіла выступае за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, а за рускай мовай замацаванне статусу мовы міжнацыянальных зносін.
Партыя БХД заклікае сваіх сябраў і ўсіх прыхільнікаў роднага слова выкарыстоўваць усе законныя магчымасці для пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы ў штодзённым жыцці нашага грамадства.