“Хваля Салідарнасці”: у Кобрыне прэзентавалі фільм пра Змітра Дашкевіча (фота, відэа)
У Кобрыне 23 лютага падчас распачатага Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй марфаону “Хваля Салідарнасці” быў прэзентаваны фільм “Зміцер Дашкевіч. Я веру”. Аўтарам фільма з’яўляецца сустаршыня аргкамітэту БХД Георгі Дзмітрук.
У падмурку фільма ляжыць інтэрвію, якое лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч даў у 2008 годзе. Ідэя зрабіць з яго фільм з’явілася ў Георгія Дзмітрука пасля таго, як Зміцер Дашкевіч пасля падзеяў снежня 2010 года зноў апынуўся за кратамі.
“Гэтым фільмам я хацеў паказаць погляды Дзімы, яго матывацыю, тое, чам ён робіць так, а не інакш. Магчыма, ягоныя словы дапамогуць людзям, якія вераць і ў Бога, і Богу, і ў будучыню Беларусі, інакш паглядзець на сучаснасць. Бо ў нашы, здаецца, мірныя часы многія людзі за свае думкі і імкненне зрабіць Беларусь лепшай, павінны расплочвацца свабодай”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.
На прэзентацыі фільма прысутнічалі грамадскія актывісты, прадстаўнікі цэркваў і моладзь Кобрына.
Таксама ў горадзе ў межах “Хвалі Салідарнасці” былі раскіданыя ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў і заклікам падтрымаць іх.