У Рагачове і Магілёве БХД сабрала подпісы за павелічэнне ўжытку беларускай мовы ў дзяржСМІ

07 сакавіка 2013 13:47  |  Грамадства

Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Рагачове і Магілёве сабралі подпісы пад зваротамі ў газеты мясцовых адміністрацый з заклікам павялічыць у іх ужыванне роднай мовы.

 

Гэтак, у Рагачове 31 грамадзянін падпісаўся пад адпаведным зваротам у газету “Свабоднае слова”, у Магілёве – 37 пад зваротом у “Магілёўскую праўду”. Прыводзім тэксту зваротаў:

 

       Установа

«Рэдакцыя газеты «Свабоднае слова»,

вул. Леніна, 36

247673, г. Рагачоў

 

ЗВАРОТ

 

Звяртаем Вашую ўвагу на прыкрае становішча з роднай беларускай мовай, якое склалася ў газеце “Свабоднае слова”.

Першы нумар раённай газеты выйшаў у 1918 годзе. Ад 1930 года  газета звярталася да жыхароў Рагачоўскага краю на іх роднай мове, несла ў народ беларускае слова. Матэрыялы газетных нумароў друкаваліся па-беларуску. Журналісты выдання ўдзельнічалі ў творчых семінарах, стала павышалі кваліфікацыю на спецыяльных курсах, удасканальваючы мову, стыль, публіцыстычныя метады падачы інфармацыі.

 

Аднак з пэўнага часу найлепшыя традыцыі газеты былі занядбаныя. Беларуская мова пачала мэтанакіравана выганяцца са старонкаў выдання. Працэс вынішчэння роднай мовы адбываецца на працягу не аднаго дзесяцігоддзя.

 

На сённяшні дзень працэс паступовага выкаранення беларускага слова даводзіцца да лагічнага завяршэння. На старонках “Свабоднага слова” амаль адсутнічаюць артыкулы на беларускай мове. Створаная ў Інтэрнеце афіцыйная старонка газеты http://www.slova.by мае толькі рускамоўную версію.

 

Моўная палітыка афіцыйнага раённага друкаванага выдання не адпавядае запатрабаванням насельніцтва Рагачоўскага раёна. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 года ў Рагачоўскім раёне пражывала 91,88% беларусаў, а беларускую мову ў якасці роднай назвалі 70,19% ад агульнай колькасці насельніцтва.

 

Моўнае пытанне  на старонках раёнкі з’яўляецца для нас прынцыповым таму, што закранае асновы грамадскага ладу. Для нас вельмі важна заставацца вернымі сваім духоўным традыцыям, пераймаць іх ад папярэднікаў і перадаваць наступнікам.

Лічым, што абыякавае і нядбайнае стаўленне рэдакцыі газеты “Наша слова” да беларускай мовы пазбаўляе нас пераемнасці, знішчае пачатую задоўга да нас традыцыю. Мы жадаем чытаць мясцовую газету на сваёй роднай мове – так, як гэта было заўсёды. Права на родную мову і атрыманне на ёй інфармацыі нам гарантуе Канстытуцыя.

 

Звяртаемся з наступнымі прапановамі:

 

– змяніць моўную палітыку ў бок павелічэння выкарыстання беларускай мовы ў друкаваным выданні газеты “Наша слова” і друкаваць не меней за палову матэрыялаў на беларускай мове;

 

– арганізаваць спецыялізаваную старонку, дзе асвятляюцца пытанні беларускай мовы, гісторыі і культуры;

 

– арганізаваць выпуск літаратурнай старонкі, на якой публікаваць мастацкія творы мясцовых паэтаў і празаікаў;

 

– стварыць беларускамоўную версію афіцыйнай Інтэрнет старонкі газеты з падачай у беларускамоўнай версіі сайта усіх артыкулаў на беларускай мове.

 

Адказ на наш калектыўны зварот просім накіраваць у 15-ці дзённы тэрмін, вызначаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

 

       Рэдакцыя абласной газеты

«Магілёўская праўда»,

вул. Першамайская, 89

212000, г. Магілёў

 

ЗВАРОТ ГРАМАДЗЯН

 

Звяртаем Вашу ўвагу на прыкрае становішча з роднай беларускай мовай, якое склалася ў абласных газетах “Магілёўская праўда” і “Днепровская неделя”.

 

Газета “Магілёўская праўда” бярэ свой пачатак з 1918 года, а ў 1925 годзе яна пачала выдавацца і на беларускай мове. На працягу доўгага часу газета звярталася да жыхароў Магілёўскай вобласці на іх роднай мове, несла ў народ беларускае слова. Журналісты выдання ўдзельнічалі ў творчых семінарах, стала павышалі кваліфікацыю на спецыяльных курсах, удасканальваючы мову, стыль, публіцыстычныя метады падачы інфармацыі.

 

Аднак з пэўнага часу найлепшыя традыцыі газеты былі занядбаныя. Беларуская мова пачала мэтанакіравана выганяцца са старонкаў выдання. Працэс вынішчэння роднай мовы адбываецца на працягу не аднаго дзесяцігоддзя.

 

На сённяшні дзень працэс паступовага выкаранення беларускага слова даводзіцца да лагічнага завяршэння. На старонках газеты “Магілёўская праўда” і газеты “Днепровская неделя” амаль адсутнічаюць матэрыялы на беларускай мове. Створаная ў Інтэрнеце афіцыйная старонка газет http://www.mogpravda.by мае толькі рускамоўную версію.

 

Моўная палітыка афіцыйнага абласнога друкаванага выдання не адпавядае запатрабаванням насельніцтва Магілёўскай вобласці. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 года ў Магілёўскай вобласці пражывала 88,7% беларусаў, а беларускую мову ў якасці роднай назвалі 55.1% ад агульнай колькасці насельніцтва.

 

Моўнае пытанне  на старонках абласных газет з’яўляецца для нас прынцыповым таму, што закранае асновы грамадскага ладу. Для нас вельмі важна заставацца вернымі сваім духоўным традыцыям, пераймаць іх ад папярэднікаў і перадаваць наступнікам. Без беларускай мовы нельга ўявіць існаванне незалежнай Рэспублікі Беларусь.

 

Лічым, што абыякавае і нядбайнае стаўленне рэдакцыі газет “Магілёўская праўда” і “Днепровская неделя” да беларускай мовы пазбаўляе нас пераемнасці, знішчае пачатую задоўга да нас традыцыю. Права на родную мову і атрыманне на ёй інфармацыі нам гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

 

Звяртаемся з наступнымі прапановамі:

 

– змяніць моўную палітыку ў бок павелічэння выкарыстання беларускай мовы ў друкаваных выданнях газет “Магілёўская праўда” і “Днепровская неделя” і друкаваць у гэтых газетах не меней за палову матэрыялаў на беларускай мове;

 

– арганізаваць спецыялізаваную старонку ў газетах “Магілёўская праўда” і “Днепровская неделя”, дзе асвятляюцца пытанні беларускай мовы, гісторыі і культуры;

 

– арганізаваць на пастаяннай аснове выпуск літаратурнай старонкі, на якой публікаваць мастацкія творы мясцовых паэтаў і празаікаў;

– стварыць беларускамоўную версію афіцыйнай Інтэрнет старонкі газет “Магілёўская праўда” і “Днепровская неделя” з падачай у беларускамоўнай версіі сайта усіх артыкулаў на беларускай мове.

 

Адказ на наш калектыўны зварот просім накіраваць у 15-ці дзённы тэрмін, вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Болей навін