“Слонімскі веснік” беларусізавацца не збіраецца
Рэдакцыя слонімскай раённай газеты “Слонімскі веснік” не збіраецца павялічваць ужыванне беларускай мовы ў выданні. Пра гэта паведамляецца ў адказе на калектыўны зварот, накіраваны ў газету слонімскім каардынатарам аргкамітэту БХД Іванам Бедкам.
Паводле адказу, беларуская мова ў “Слонімскім весніку” ўжываецца ў дастатковай ступені. Пры гэтым рэдакцыя спасылаецца на вынікі моўнага рэферэндуму 1995 года, на падставе якога ў Беларусі была ўведзеная другая дзяржаўная мова, і на тое, што чытачы выдання больш прыхільна ставяцца да расейскай мовы чым да беларускай. Да таго ж рэдактар газеты ставіць сабе ў заслугу тое, што пры апошняй перарэгістрацыі ў 2010 годзе “назва выдання мэтанакіравана не была перакладзена”.
Ён адзначыў, што беларуская мова, гісторыя, крытычныя і аналітычныя артыкулы “былі, ёсць і заўсёды будуць” у газеце.
“Самая звычайная адпіска. Беліберду напісалі, каб галаву затлуміць. Насамрэчы, у газеце амаль няма нічога на беларускай мове”, – падкрэсліў Іван Бедка.