«Мы не забудзем!» (відэа)

27 сакавіка 2013 09:11  |  Палітыка

“Мы не забудзем!” – пад такою назваю стартуе ў Беларусі кампанія моладзевага крыла Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Галоўная мэта акцыі – згадаць зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, пакуль расследавання іхных справаў не закрылі з-за тэрміну даўнасці. Бо тэрмін гэты ўжо набліжаецца. 

МАРЫНА ХОМІЧ, ЛІДАРКА МХД:
“Кампанія стартуе менавіта цяпер, бо згодна з законам РБ справы здадуць у архіў у наступным годзе. У беларусаў і палітыкаў роўна год, каб гэтае пытанне не загінула, каб яно ўздымалася ў грамадстве нашым і міжнародным, каб аб’ядноўвала журналістаў, палітыкаў, праваабаронцаў. Мэта кампаніі – дамагчыся расследавання знікнення гэтых выбітных асобаў”.

У межах кампаніі запланавалі правядзенне шэрагу вечарынаў, якія будуць ладзіцца штомесяц 16-га. Першая агульная імпрэза пройдзе ўжо паслязаўтра а 16-й гадзіне ў менскай сядзібе Партыі БНФ. На ёй згадаюць усіх асобаў, зніклых у 1999–2000 гадах.

Чарговыя акцыі будуць прысвечаныя памяці кожнага зніклага: Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама памерлага пры нявысветленых абставінах Генадзя Карпенкі.

У вечарах памяці возьмуць удзел вядомыя праваабаронцы, палітыкі ды дзеячы культуры: Гары Паганяйла, Андрэй Клімаў, Віталь Рымашэўскі, Юрый Хашчавацкі ды іншыя. Кожнаму прысутнаму прапануюць падпісаць петыцыю з патрабаваннем расследаваць гэтыя справы. Пазней зварот накіруюць у Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт.

Дар’я Румянцава, “Аб’ектыў”

 


Болей навін