БХД заклікае эўрапейцаў не ўзнаўляць дыялёг з уладамі

29 сакавіка 2013 16:41  |  Галоўныя навіны

Беларускім дэмакратычным сілам насьпеў час вызначыцца са сваім стаўленьнем да магчымай адмены эўрапейскіх санкцыяў адносна групы неўязных чыноўнікаў.

 

З такой заявай сёньня выступілі прадстаўнікі аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД. Яны таксама казалі пра неабходнасьць вызначыцца і з умовамі, пры якіх апазыцыя зможа ўдзельнічаць у перамовах з уладамі.

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі заявіў журналістам: дэмакратычную супольнасьць вельмі насьцярожваюць спробы некаторых эўрапейскіх чыноўнікаў пад выглядам узнаўленьня дыялёгу з уладным рэжымам упусьціць у Эўропу спачатку міністра замежных спраў Уладзімера Макея — а затым адмяніць санкцыі адносна часткі, а можа, нават і ўсіх фігурантаў «чорнага» сьпісу. Таму сёньня БХД публічна пацьвердзіла, што пазыцыя партыі нязьменная: ніякага дыялёгу з уладамі да вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў:

«Мы лічым, што адступленьне ад прынятых правілаў Эўразьвязу, у тым ліку скасаваньне сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі альбо фальсыфікацыю выбараў, ня толькі абцяжарыць сытуацыю, у якой знаходзяцца палітзьняволеныя, але і нанясе сур’ёзны ўдар па магчымасьці дэмакратызацыі Беларусі. Да тых часоў, пакуль дзьверы вязьніцаў не адчыняцца для незаконна асуджаных беларускіх палітвязьняў, дзьверы Эўразьвязу павінны быць зачыненыя для спадара Макея. І для ўсіх тых, хто нясе пэрсанальную адказнасьць за рэпрэсіі ў дачыненьні да ні ў чым не вінаватых грамадзян Рэспублікі Беларусь».

 

«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» заклікае таксама ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі яшчэ раз пацьвердзіць сваю пазыцыю па пытаньні вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў. Віталь Рымашэўскі нагадаў, што ў 2011 годзе 6 апазыцыйных структур падпісалі сумесную заяву па гэтым пытаньні. У ёй, у прыватнасьці, гаварылася, што ўмовай для любых адносін з уладамі зьяўляецца патрабаваньне спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да ўсіх удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску 19 сьнежня 2010 года.

 

У заяве таксама паказвалася на неабходнасьць вызваленьня іншых палітвязьняў, вяртаньня ім усёй паўнаты грамадзянскіх правоў і свабодаў.

 

Аргкамітэт БХД заклікаў дэмакратычныя сілы сесьці за стол перамоваў, “спыніць спрэчкі па другасных пытаньнях” і ўнесьці ў парадак дня жыцьцёва важныя пытаньні для дэмакратыі і незалежнасьці ў Беларусі.

 

У прыватнасьці, у парадак дня прапануецца ўнесьці два пытаньні: «фарміраваньне сумеснай пазыцыі па спробах аднаўленьня перамоваў з Захадам, якiя ажыцьцяўляюцца рэжымам, а таксама па санкцыях да прадстаўнікоў рэжыму».

 

«Беларуская апазыцыя не павінна гаварыць рознымі галасамі на сустрэчах з замежнымі прадстаўнікамі, якія прыязджаюць у Беларусь, а таксама ў час сваіх візытаў на Захадзе. Гэта дазволіць пазьбегнуць маніпуляцыі пазыцыямі дэмакратычных сіл, выкарыстаньня іх лабісцкімі сіламі рэжыму на Захадзе і ўнутры Беларусі», – заявіў Рымашэўскі.

 

Паводле матэрыялаў “Беларускіх навін” і “Радыё Свабода”

Болей навін