НІСЭПД супраць БХД?

03 красавіка 2013 16:34  |  Палітыка

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) апублікаваў рэйтынг беларускіх палітычных партый і рухаў, складзены па выніках “адказаў на пытанні, якія ўключаны ў апытанне па замове Грамадзянскай кампаніі “Наш Дом”. Аднак у карэспандэнтаў Тэлеграфа дадзены рэйтынг выклікаў шэраг сур’ёзных пытанняў.

У прыватнасці, незразумела, на якой падставе палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі, у тым ліку і незарэгістраваныя, уключаліся ці не ўключаліся ў закрытае апытанне. Так, у апытанне ўвайшлі ўсе 15 зарэгістраваных у Беларусі партый, зарэгістраваныя арганізацыі Рух “За Свабоду”, БРСМ і “Белая Русь”, а таксама такія незарэгістраваныя арганізацыі і кампаніі, як “Гавары праўду!”, “Малады фронт”, “Еўрапейская Беларусь” і “Наш Дом”.

 Табліца 1. Размеркаванне адказаў на адкрытае (першая калонка) і закрытае (другая калонка) пытанне: “Калі б заўтра адбыліся парламенцкія выбары, за кандыдатаў якіх з палітычных партыяў ці рухаў Вы б прагаласавалі?” *,%

Варыянт адказу

1

2

Рух “За свабоду” (лідар А. Мілінкевіч)

4.0

10.9

Грамадзянская кампанія “Гавары праўду / Грамадзянская дамова” (лідар В. Някляеў)

1.8

10.0

Беларуская партыя “Зялёныя” (лідар О. Новікаў)

4.2

8.9

Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ (лідар З. Пазьняк)

2.0

8.9

Аб’яднаная грамадзянская партыя (лідар А. Лябедзька)

3.0

6.8

Беларуская аграрная партыя (лідэар М. Шыманскі)

3.3

6.5

Грамадскае аб’яднанне “Беларусь Русь” (лідар А. Радзькоў)

4.4

6.3

Ліберальна-дэмакратычная партыя (лідар С. Гайдукевіч)

3.6

6.0

Партыя БНФ (лідар А. Янукевіч)

6.5

5.9

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” (лідар С. Калякін)

2.1

5.8

Партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” (лідар С. Шушкевіч)

2.0

4.9

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грaмада) (лідар І. Вештард)

2.1

4.8

Камуністычная партыя Беларусі (лідар Т. Голубева)

2.0

4.8

Грамадскае аб’яднанне “Малады фронт” (лідар Д. Дашкевіч)

1.9

4.2

Грамадзянская кампанія “Наш Дом” (лідар В. Карач)

1.4

3.3

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (лідар В. Задняпраны)

1.1

3.1

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (лідар В. Александровіч)

0.5

1.4

“Еўрапейская Беларусь”

1.4

Беларуская патрыятычная партыя (лідар Н. Улаховіч)

0.4

1.3

Рэспубліканская партыя (лідар В. Белазор)

0.4

1.0

Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды (лідар С. Ярмак)

0.2

1.0

БРСМ

0.2

Складана адказаць  

37.4

Разам з тым аўтары апытання не ўключылі ў яго, да прыкладу, адну з шасці найбуйнейшых апазіцыйных арганізацый Беларусі (так званай “шасцёркі”) – незарэгістраваную партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, адзін з лідараў якой Віталь Рымашэўскі ў 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, а яшчэ адзін лідар Павел Севярынец у цяперашні момант адбывае пакаранне па “справе 19 снежня”. Не трапіла ў закрытае апытанне і незарэгістраваная партыя іншага экс-кандыдата ў прэзідэнты, таксама зняволенага, Мікалая Статкевіча – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”.

Ёсць у рэйтынгу і іншы цікавы момант. Так, яго складальнікі адзначаюць, што “пры адказах на адкрытае пытанне значэнні рэйтынгаў атрымліваюцца ніжэйшымі”, чым пры адказах на закрытае, паколькі “пры адказе на закрытае пытанне рэспандэнтам прапаноўваўся спіс партый разам з прозвішчамі лідараў”. У прыватнасці, рэйтынг кампаніі “Гавары праўду!” пры адкрытым апытанні складае 1,8%, пры закрытым – 10%. “І ў дадзеным выпадку асноўным электаральным рэсурсам кампаніі з’яўляецца яе лідар паэт і палітык В. Някляеў”, – заяўляюць у НІСЭПД.

Між тым у закрытым апытанні, мяркуючы па табліцы, яго аўтары не ўказалі прозвішчы лідараў “Еўрапейскай Беларусі” і БРСМ – Андрэя Саннікава і Ігара Бузоўскага. І гэта пры тым, што на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў па афіцыйных дадзеных заняў другое месца пасля Аляксандра Лукашэнкі, па дадзеных таго ж НІСЭПД – трэцяе пасля кіраўніка дзяржавы і Уладзімір Някляева (чацвертае месца па НІСЭПД тады заняў лідар БХД Віталь Рымашэўскі). Цалкам верагодна, што Андрэй Саннікаў мог бы істотна павялічыць рэйтынг “Еўрапейскай Беларусі” ў разгляданым апытанні аб беларускіх палітычных партыях і арганізацыях.

Характэрна, што менавіта незарэгістраваныя БХД і “Еўрапейская Беларусь”, а таксама зарэгістраваная Аб’яднаная грамадзянская партыя ў 2012 годзе раскрытыкавалі вынікі апытання НІСЭПД аб парламенцкіх выбарах, якія абвяшчалі, што байкот, за які выступалі яны, не адбыўся.

Пракаментаваць прынцыпы, па якіх у закрытае апытанне адбіраліся партыі і арганізацыі, мы папрасілі заснавальніка НІСЭПД Алега Манаева. “Усе партыі, якія афіцыйна зарэгістраваныя, тут ёсць. Таму тут прэтэнзій няма. А акрамя зарэгістраваных – гэта справа складальнікаў, каго ставіць, а каго не. Што лічыць больш мэтазгодным, а што не”, – заявіў ён.

Між тым сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук лічыць дадзенае апытанне не зусім прафесійным і заклікаў яго складальнікаў рэальна ацэньваць сітуацыю і падзеі, што адбываюцца. “Гэты рэйтынг усё ж такі другой лігі. Хацелася б, каб у ім была прадстаўлена і першая ліга. Хацелася б парэкамендаваць складальнікам правесці больш дакладнае апытанне, у які ўвойдуць і Саннікаў, і БХД, і іншыя ўдзельнікі вышэйшай лігі”, – заявіў ён.

Болей навін