Тыдзень маці ў Беларусі
Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі з 8 па 14 кастрычніка, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Дзень маці – гэта не толькі даніна глыбокай павагі і любові да маці. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні важнейшай ролі жанчыны ў развіцці грамадства, пацвярджэнне таго, што сям’я, мацярынства – прыярытэты сацыяльнай палітыкі краіны.
Пачнецца Тыдзень маці з таго, што дзеці павіншуюць сваіх матуль. У дзіцячых дашкольных установах і школах будуць арганізаваны розныя святочныя мерапрыемствы: ранішнікі, канцэрты, конкурсы, выставы дзіцячай творчасці. У рэспубліканскую акцыю “Паштоўка для маці” ўключацца Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры, дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, сацыяльныя прытулкі.
У ваенкаматах і воінскіх часцях пройдуць сустрэчы з маці – удзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, з маці воінаў, якія загінулі ў мірны час пры абароне Радзімы і пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, а таксама з маці, чые сыны цяпер праходзяць службу ва Узброеных Сілах.
Плануецца традыцыйнае ўшанаванне жанчын-маці ў працоўных і прафсаюзных калектывах. На ўрачыстых цырымоніях кіраўнікі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, гарадскіх (раённых) выканкамаў уручаць шматдзетным маці ордэны Маці. У рэгіёнах адбудуцца сустрэчы з жанчынамі, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў.
ГА “Беларускі саюз жанчын” 9 кастрычніка арганізуе сустрэчу з маці, якія выхоўваюць адораных дзяцей.
На працягу тыдня плануецца правядзенне абласных і рэгіянальных свят, культурна-масавых і літаратурна-мастацкіх мерапрыемстваў, тэматычных кніжных выстаў, дабрачынных акцый. У гарадах краіны будуць закладзены алеі і скверы ў гонар маці. Запланаваны спартыўныя спаборніцтвы сямейных каманд. У кінатэатрах пройдуць тэматычныя паказы кінафільмаў. Гэта будзе садзейнічаць умацаванню сямейных традыцый, падтрыманню гарманічных адносін у сям’і, падрыхтоўцы маладых людзей да сямейнага жыцця.
Дзень маці – гэта не толькі даніна глыбокай павагі і любові да маці. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні важнейшай ролі жанчыны ў развіцці грамадства, пацвярджэнне таго, што сям’я, мацярынства – прыярытэты сацыяльнай палітыкі краіны.
У Беларусі налічваецца больш як 1,5 млн. сем’яў, паведамляе БЕЛТА.