Змаганне за нацыянальную годнасць: Пракуратура адмаўляецца ўзбуджаць справу за абразу беларусаў расейцам

20 мая 2013 15:18  |  Блога Антося Вусовіча

Пракуратура Менскай вобласці адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да ўраджэнца Расеі, які сістэматычна зневажае беларусаў, беларускую мову і культуру, а тым, хто спрабуе гэтаму спрабуе супрацьстаяць, пагражае фізічнай расправай. Такі адказ з пракуратуры атрымаў актывіст аргкамітэту БХД Антось Вусовіч, які дагэтуль звярнуўся з адкрытым лістом да генпракурора Аляксандра Канюка.

 

 

    Адкрыты ліст  Генеральнаму  пракурору  Рэспублікі  Беларусь

Спадару  Аляксандру  Канюку

 

“аб  глумленьні  над  сувэрнітэтам  Беларусі,

праявах  нянавісьці  да  беларускага  народу,           

пагрозы  збройнай  расправы  і

праявах  рускага фашызму”   

 

 

Спадар  Генеральны пракурор.

 

11  жніўня  2012 г.  у  садовым  таварыстве  “Атам”  рускі  па  паходжаньню  чалавек,  які  прыехаў  у  Беларусь  з  Дагестану  (фармальна  атрымаўшы грамадзянства  Рэспублікі  Беларусь   ў  1991 годзе,  але  сэрцам  сьвядома  не  прыняўшы),  публічна  і  агрэсыўна  прапагандаваў  ваяўнічы  вялікадзяржаўны  рускі  імперскі  шавінізм,  глуміўся  зь  Беларусі,  як  суверэннай  дзяржавы,  прапагандаваў  нянавісьць  да  беларусаў  і  пагражаў  арганізаванай  збройнай  расправаай.

 

Пра  дэталі  падзеі

 

11  жніўня  2012  ўвечары  на  вуліцы  садовага  таварыства  “Атам”   я  сустрэў     спадара  Ўладзімера  Дзюкарава.   На  яго  пытаньне,  чаго  я  кульгаю,  адказаў,  што  “цягнуся  з  лазьні”.  Пасьледаваў  гнеўны  вокрык:   “Говори  по-русски!”  На  што  я  запярэчыў:  “А  навошта?  Я  беларус.  Тут  беларуская  зямля”.   Далей  пайшоў  шалёны  крык,  што  “это  русская  земля!  здесь  должен  быть  русский  язык!”,  што  “здесь  нет  беларусов,  все  здесь  пшеки   и    жиды”  і  нас тут  трэба  “бить,  воевать,  стрелять”.  І  дадаў,  што ёсьць    людзі (?)  і  што  сыны  яму  дапамогуць.  І  тут жа  ўдарыў  мяне    два  разы  кулаком  у  твар.   

Праз  колькі  хвілін  сп.  Дзюкараў  усё раней  ім  сказанае   дакладна   пацьвердзіў    старшыні  садовага  таварыства  сп.  Аляксею  Сушчонку. 

 

На  наступны  дзень  сын  Дзюкарава  пагражаў  мне  фізычнай расправай,  а  таксама    спаліць  дом.   

 

Як  сьведка  і  ўдзельнік  гэных  падзей  я  зьвярнуўся  ў  праваахоўныя  ворганы  (Мінскае  РУУС,  пракуратуру  Мінскага  раёну  і  Мінскай  вобласьці,  Генеральную  пракуратуру  і  КДБ)  з  просбай  даць  кваліфікаваную  ацэнку  ўчынку  спадара  Дзюкарава.  Дакладнасьць  прыведзеных  у  маёй   заяве  ўсіх (!)  фактаў  пацьверджана  паказаньнямі  сьведкаў  і  ўскосна  пастановай  суду  Мінскага  раёну.  Вось   цытата: 

 

“Объяснения  потерпевшего  и  указанных  свидетелей,  которые  согласуются  между  собой,  получены  в  порядке,  установленном  ПИКоАП  Республики  Беларусь.  Противоречий  в  пояснениях  не  имеется,  они  являются  последовательными  и  логичными  с  учётом  возникшей  негативной  ситуации  между  сторонами,  которым  не  доверять  у  суда  оснований  не  имеется”.

 

У той жа  час  гэтыя  факты  сьвядомага  цынічнага  глумленьня   з сьвятыняў   сувэрэннай дзяржавы  Рэспубліка  Беларусь,  агрэсыўнай  пагарды  да  тутэйшага  насельніцтва  Мінскае  РУУС  і  суд  Мінскага  раёну  далікатна  інтэрпрэтавалі  толькі  як  дробнае  адміністрацыйнае  правапарушэньне  кшталту  “стасункаў  Івана  Іванавіча  з  Іванам  Нікіфаравічам”,  а  не  як  пагрозы  пэўным  злачынствам  супраць  грамадзтва.

 

Аднак  пракуратура  Мінскага  раёну,  а  затым  пракуратура  Мінскай  вобласьці  не  пагадзіліся  з  такім  падыходам.  Апошняя  прыйшла  да  такой  высновы: 

 

  “Праверка  праведзена  няпоўна,  у  сувязі  з  чым  пракуратурай  вобласці  12.02.2013  указаная  пастанова  органа  дазнання  аб  адмове  ва  ўзбуджэнні  крымінальнай  справы  скасавана  і  матэрыялы  для  правядзення  дадатковай  праверкі  накіраваны  ў  Мінскае  РУУС,  адкуль  Вам  будзе  паведамлена  аб  яе  выніках.”

 

З  Мінскага  РУУС  насуперак  патрабаваньню  арт. 18  закону  № 300-3  “Аб  зваротах  грамадзян  і  юрыдычных   асоб”  атрыманы  адказ-адпіска  без  аналізу  і  абвяржэньняў   прадстаўленых  фактаў  і  фармулёвак.  З  адказу  вынікае,  што  матэр’ял  справы  дадаткова  не  дасьледаваўся,  спасылкі  на  адпаведныя  заканадаўчыя  акты  для  матывацыі  вынікаў  адсутнічаюць.

 

Мяркую,

1.   што  ахайваньне,  зьнявага  Беларускай  дзяржаўнасьці,  сувэрнітэту краіны,  пагрозы  арганізаванай  расправы  зброяй   з  тутэйшым  народам  (гатоўнасьць  “біць,  ваяваць,  страляць”  і,  што  “ёсьць  людзі” (!? – цікава было б  устанавіць,  што   гэта  за  людзі,  ці  арганізацыя?)   і  што  сыны  яму  дапамогуць)      маюць  пэўную  кваліфікацыю  ў  юрыдычных  актах,  якую  павінны  вызначыць  праваахоўныя  ворганы.

 

2. што глумленьне  зь  беларускага народу (!), (а  не  з  адной  асобы),   пагарда  да  нацыянальнай  годнасьці  беларусаў,  да  іх  мовы  (“здесь  нет  беларусов,  все  здесь пшеки   и    жиды”,  “это  русская  земля  и  здесь  должен  быть  русский  язык”)  таксама  маюць  пэўную  кваліфікацыю  ў  юрыдычных  актах.

 

3.  што  пагрозы  фізічнай  расправы  з  асобным  чалавекам  і  пагроза  спаліць  яго  маёмасьць  (дом)   насуперак  Пастановы  Мінскага  РУУС  –  маюць  пэўную  ацэнку  ў  нашым  заканадаўстве. 

 

Я,  Вусовіч  Антось,  нічога  ня  маю  супраць  жыдоў.  Да слова,  гэта  спрадвечны  нейтральны    назоў юдэяў  у  Беларусі  і  ў  Еўропе.

 

 Дзюкараў, як  чалавек,  выхаваны  ў рускай,  бальшавіцкай  культуры  адпаведнай  ментальнасьці,  надае  гэтаму  слову –“ жыд” – негатыўны сэнс.

 

А вось  тэрмін “пшэкі” – гэта  абразьлівая  форма  для  каталікоў,  палякаў   і жыхароў  Заходняй  Беларусі,  як  і  зьняважлівае –  “бульбаш”.

 

Я  асабіста  ганаруся  сваёй  нацыянальнасьцю – беларус. І  не  хачу,  каб  мяне  называлі  ані  рускім,  ні  амерыканцам,  ні  палякам,  ні жыдам.

 

З  павагай  стаўлюся  да  ўсіх людзей,  што  пусьцілі  карані ў  Беларусі,  працуюць  на  свой  дабрабыт  і  дабрабыт  Беларусі  і  ня  пярэчаць  майму  праву  быць  Беларусам  і  мець  нацыянальную  дасьведчанасьць.

 

Усё  іншае  ад  лукавага.

 

Я  не  жадаю  “крыві”  гэтага  сталага  ўжо  чалавека  і  не  прагну  пасадзіць  яго  за  краты.  Але  лічу,  што  гэтаму  чалавеку  рускага  паходжаньня,  які  ў  1991 годзе  фармальна  атрымаў  грамадзянства  Рэспублікі  Беларусь,  але  не  прыняў  яго  сэрцам,  кампетэнтны  дзяржаўны  ворган  мусіць (!)  пісьмова    належным  чынам  патлумачыць (!)  абавязкі   Грамадяніна  Рэспублікі  Беларусь:

 

–         шанаваць  Канстытуцыю  Беларусі,  яе законы  (арт.52  Канстытуцыі);

–         ахоўваць  сувэрэнітэт (арт.57  Канстытуцыі);

–          ведаць  і  шанаваць  мову,  гісторыю,  культуру  ды  іншыя  нацыянальныя  і  дзяржаўныя  каштоўнасьці  (арт.54  Канстытуцыі).

 

Пры  нязгодзе  спадара  Ўладзімера  Дзюкарава  пагадзіцца  з  вышэй  згаданымі  абавязкамі  Грамадзяніна  –  прыцягнуць  яго  да  строгай  адказнасьці  ў  адпаведнасьці  зь  дзейным  заканадаўствам. 

 

Гэта  ня  просты   бытавы  выпадак.  І, на  жаль,  не  адзінкавы.

 

Нядаўні   выпадак, калі  міліцыянты  затрымлівалі    педагога,  які  размаўляў  па-беларуску  са  студэнтамі  на  ганку  кансэрваторыі.   

 

Міліцэйскі  патруль  каля  магазіна  “Еўрапейскі”,  пачуўшы  беларускую  мову,     паказвае  ў  мой  бок – “па беларуску  гаворыць”.

 

Быць  беларусам  ужо небясьпечна?

 

У  сьнежні  2012 г  на  бетоннай  сьцяне  плоту  Белтэлерадыёкампаніі  ў  праходзе  ад  вул. Макаёнка  да  медсанчасткі  заводу імя Вавілава  зьявіўся  вялікі  надпіс  “Мы  русские !  С нами  Бог”.  Успамінаюцца  i  другія  лозунгі-заклікі  Deutschland über alles”  i  „Gott  mit  uns“.  Небясьпечныя  паралелі.

 

Праз  некаторы  час  зьнізу  пад  лозунгам,  што  ўслаўляў  рускіх,  зьявіўся  другі  –  “Маскаль,  “Go  home”,  д’ябла”. 

 

Гэтыя  надпісы  красуюцца  і  сяньня.

 

Сьвежы  выпадак  у  дзяржаўнай  установе,  (ёсьць  афіцыйныя  сьведкі).  Падказваю  чалавеку  колькі  зараз  часу.  Злосны  вокрык  “Говори  по-русски!  Я  не  гражданин  Белоруссии!  Не  понимаю  вашего  языка!”

 

Чванства  некаторых  рускіх  перайшло  межы?  Рускі  чалавек безнаказна  здзекуецца  над  беларусам  у  яго ж  доме – у  Беларусі?! –  Нонсэнс.  Мы  –  ніжэйшая  раса?! 

 

А  яшчэ  ёсьць  “РНЕ”.

 

Дажылі?! 

 

 І  праваахоўныя  ворганы  ва  ўпор  не  жадаюць  гэтага  бачыць!? 

 

Дзеля  чаго?  Каб  не  пакрыўдзіць  “старэйшага  брата”?    Які  ўжо  амаль  сядзіць  у  беларуса  на  карку.  Інкарпарацыя  ў  склад  Расейскай  імперыі  ідзе  поўным  ходам.  Нахабна  ўбіваецца  ў  галовы  існаваньне  міфычнай  “саюзнай  дзяржавы”.  Расейцы  скупляюць  жытло  і  дзяржаўную  маёмасьць.  Ва  ўгоду  расейскім  алігархам  мяркуецца  зьнішчыць  “Маскоўскі  аўтавакзал”  у  Мінску.  І  неўзабаве  беларус  застаецца  ў  сваім  доме-Беларусі,  на  сваёй  зямлі  без  ані  нічога. 

 

І  тады  поўнасьцю  загаспадарыць  расейскі  алігархічны  капітал. 

 

Расея  ад  часоў  падзелу  Вялікага  Княства  Літоўскага (сяняшняя Беларусь)  і  да  сяньня  глядзіць  на  нашу  Краіну,  як  на  здабычу.

 

Далучыўшы ВКЛ  пад  хлусьлівым  лёзунгам  “присоединение  единоверцев”  Екацярына-2  атрымала  не  “православных-единоверцев”,  а  75 %  уніятаў  і  толькі  5 %    праваслаўных,  астатнія  пратэстанты  і  жыды.  Пасьля  паўстаньня  1831 г.  “во  избежание  памяти  ненужной”  Расея  пераназвала  Літву  ў  Беларусь,  забараніла  нашу  мову,  уніяцкую  царкву  і  кнігадрукаваньне.  А  пасьля  паўстаньня  1863-64 гадоў  забараніла  і  гэты  назоў,  замяніўшы  яго  на  “Северо-Западный  край”.  У  1919 годзе  была  задушана  Беларуская  Народная  Рэспубліка.

 

І  вось  да  сяньня,  засеўшыя  ў  некаторых  галовах  заімшэлыя,  шавіністычныя,  вялікадзяржаўныя  лёзунгі  не  даюць  спакою.  І  нават  просты  чалавек,  прыехаўшы  з  Расеі,  ужо  лічыць  сябе  гаспадаром  у  Беларусі,  мае  сьмеласьць  зьбіваць  беларуса,  пачуўшы  беларускую  мову  і  гатовы  распраўляцца  зброяй  і  вайной  за  тое,  што  Вы  беларус,  лічыць  Вас  недачалавекам  (“няма  беларусаў,  усе  пшэкі  і  жыды”).

 

Дзікунства  пяшчэрнае  1930-х  гадоў.   Дык  жэ  гэта  ўжо  фашызм!

 

А  вы,  спадарства  міліцыя,  пракуратура,  КДБ  не  жадаеце  гэта  заўважаць?!   

 

–  Чаму?  Каму  гэта  выгодна?  Хто  вы  там  усе?  Вельмі  цікава,  хто  з  вас  беларусы?   Ва  ўсе  часы  беларусамі  кіравалі  “мураўёвы,  мясніковы, цанавы,  панамарэнкі”. 

 

–        А  хто  сяньня?    Інтарэсам  якай  дзяржавы  вы  служыце? 

 

І  апошняе.  Нам  усім,  хто  тут  “пусьціў  карані”  на  добры  розум  наканавана  жыць  разам.    Усялякі  падзел  на  сваіх  і  чужых  –  бяда.  А  таму  здаровым  глуздам  мусім  разумець  катэгарычную  неабходнасьць  разьвітацца  з  заімшэлымі,  вялікадзяржаўнымі,  шавіністычнымі  поглядамі  на  Беларусь,  як  “Северо-Западный  край”.

 

Пэўная  частка  нашага  грамадзтва  –  людзі,  закінутыя  сюды  воляй  лёсу  “за  савецкім  часам”,  мала,  альбо  ніколі  не  цікавіліся  мовай,  гісторыяй,  ці  культурай  народа,  сярод  якога  жылі.    Яны  жылі  ў  асяродку  рускай  культуры  і  “языка”,  І  калі   на  іх  “зваліўся”  сувэрнітэт  Беларусі,  яны  былі  агаломшаны.

 

Атрымаўшы  грамадзянства  Рэспублікі  Беларусь  у  1991 г., якога  яны  ня  прасілі, –  гэтыя  людзі  ня бралі  і  ня   ўзялі (!)  на  сябе  абавязкі   Грамадзяніна: 

–         паважаць  Канстытуцыю  Беларусі  і  яе законы;

–         аберагаць  сувернітэт;

–         ведаць  і  шанаваць  мову,  гісторыю,  культуру  ды  іншыя  нацыянальныя  і  дзяржаўныя  каштоўнасьці.

 

Адсюль іх пазіцыя чужых людзей з чужымі постімперскімі інтарэсамі.  Ім  і  зараз  не  патрэбныя   ні  нашая  мова,  ні  гісторыя,  ні  культура,  ані  людзі,  сярод  якіх  яны  жывуць.  Яны  паталагічна  ня  ўспрымаюць  Беларусь,  як  незалежную  дзяржаву.

 

У  сваім  упартым  невуцтве    гэтыя  людзі  ня  здольныя  разумець,  што  ў  сваёй    беларусафобіі,  супраціву  ўсяму  нацыянальнаму  беларускаму,  яны  зьняважаюць  беларусаў,  выклікаюць  пратэст  і  нянавісьць  і  распальваюць   міжнацыянальную  варожасьць.

 

Усё  гэта  не  бяскрыўднае  дробнае  хуліганства,  “з  п’яну”  на  бытавым  роўні, а  пэўныя  злачынствы  дзяржаўнага  роўню  –  “што  ў  цьвярозага  на  уме,  то  ў  п’янага  на  языке”.  

 

Гэта  прарастаючае,  ці  ўжо  сасьпелае  небясьпечнае  пустазельле  рускай        фашыстоўскай  афарбоўкі  стала    праяўляцца  ў  сувэрэннай  Беларусі,  пакуль  што,  на  бытавым  роўні.  Небясьпеку  гэтага  фашыстоўскага  пустазельля  неабходна, пакуль  не  запозна,  паказваць  грамадзтву  і  катэгарычна  выкарчоўваць.

 

Спадар  Генеральны  пракурор.

 

Прашу  Вас,  як  грамадзяніна  Беларусі  паглядзець  на  гэтыя  факты  з  пазыцыі  годнасьці  і  гонару  нашай  дзяржавы,  усьвядоміць  недапушчальнасьць існаваньня  такой  рэчаіснасьці  і,  як  Генпракурор,  прыняць  меры,  каб  праваахоўныя  ворганы  супрацьстаялі  такім  праявам.

 

Антось  Вусовіч,

грамадзянін  Рэспублікі  Беларусь.                 

 

А вось такі адказ атрымаў Антось Вусовіч з Пракуратуры:

 

 

       ПРАКУРАТУРА

МІНСКАЙ  ВОБЛАСЦІ

 

 

30.04.2013   № 19-27-2013                                   Вусовічу  А.

 

                                                                               вул. Парніковая, д. 3,  кв. 104

 

 

Ваш  зварот,  атрыманы  з  пракуратуры  Брэсцкай  вобласці,  аб  нязгодзе  з  рашэннем  Мінскага  РУУС  аб  адмове  ва  ўзбуджэнні  крымінальнай  справы  ад  31.03.2013  разгледжаны  ў  пракуратуры  вобласці  з  вывучэннем  матэрыялаў.

Вы  просіце  прыцягнуць  Дзюкарава  У.Г.  да  крымінальнай  адказнасці ў сувязі з выказваннем  ім у Ваш бок знявагі, чым па Вашым меркаванні  здзейснены  наўмысныя  дзеянні,  накраваныя  на распальванне  нацыянальнай  варожасці  або  розні.

З   матэрыялаў   бачна,   што  ў   прызначаных   дзеяннях   Дзюкарава У.Г. адсутнічаюць прыкметы якога-небудзь злачынства, а маецца склад  адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 9.3 КоАП  (знявага), за што Дзюкараў У.Г. пастановай суда Мінскага раёна  ад 17.10.2012  прыцягнуты  да  адміністрацыйнай  адказнасці.

У  дзеяннях  Дзюкарава  І. У.  адсутнічаюць  прыкметы  адміністрацыйнага  і  крымінальнага  правапарушэнняў.

У  выпадку  нязгоды  з  прынятым  рашэннем  Вы  маеце  права  абскарлзіць  яго  пракурору  Мінскай  вобласці.

 

Першы  намеснік

пракурора  вобласці                                                                    М. І. Пілінкевіч

Болей навін