Віталь Рымашэўскі: беларускія СМІ недаацэньваюць свой ўплыў
Прэс-служба ГА “БАЖ” папрасіла дэмакратычных палітыкаў даць ацэнку працы незалежных беларускіх СМІ.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Аргкаміэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”:
“Я хачу сказаць, што ў варунках сённяшняй Беларусі, асабліва развіцця інтэрнэта, нельга недаацаніць незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Мне здаецца, што і аналітыкі, а, зрэшты, і самі журналісты альбо рэдакцыі недаацэньваюць свой уплыў.
Я магу засведчыць, што падчас апошняй кампаніі байкоту, калі мы сустракаліся з людзьмі на вуліцах у пікетах, і наогул – у часе любых сустрэч з простымі грамадзянамі згадваюцца самыя розныя сайты. Я магу сказаць, што, канешне, часцей за ўсё згадваецца “Хартыя’97”, але таксама і іншыя сайты незалежных СМІ, а ў рэгіёнах – часам друкаваныя выданні… Я лічу, што за апошні час прэса незалежная павялічыла свой уплыў.
Мне здаецца, самае небяспечнае, што можа зараз быць (і некаторыя тэндэнцыі ўжо зараз назіраюцца) – гэта падумаць альбо зрабіць выгляд, што ў сучаснай Беларусі існуе строгі падзел на не залежную ні ад каго журналісцкую супольнасць, не залежную ні ад каго палітычную суполнасць, грамадзянскую супольнасць і так далей. Быццам бы мы жывем не пры аўтарытарным (як мінімум) рэжыме, а ўжо ў дэмакратычным грамадстве.
Мне здаецца, часам больш адэкватнае пачуццё рэчаіснасці ўзнікае тады, калі пасля акцыі затрымліваюць і журналістаў, і грамадскіх актывістаў. І мне здаецца, што не хапае – не толькі ў журналістаў, але і ў палітычных партый, грамадскіх арганізацый – адчування салідарнасці.
Нельга ўсё ж казаць, што прэса ў гэтым свеце можа быць 100-працэнтна аб’ектыўнай, бесстаронняй. Зразумела, што, калі ты – прыхільнік дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі, дык ты ўжо ў жорсткай апазіцыі да ўлады, дзе б ты ні знаходзіўся – асабліва калі ты працуеш журналістам.
Мне здаецца, што не хапае камунікацыі, адчування, што мы сёння – у адной лодцы. А насамрэч гэта так. Усе тыя, хто выступае за дэмакратыю ў Беларусі, успрымаюцца рэжымам як палітычныя апаненты, не важна – прэса гэта, палітычныя партыі ці грамадскія актывісты.
Ну а што тычыцца заўваг па сайтах ці па працы незалежных СМІ – безумоўна, яны ёсць. Але агулам я б казаць не стаў, таму што ёсць розныя СМІ, абсалютна розныя палітыкі і падыходы ў СМІ…
Магу сказаць толькі, што ў цэлым незалежныя СМІ – гэта наша падтрымка і абарона: і палітыкаў, і грамадскіх актывістаў. Улада баіцца публічнасці, і незалежная прэса – гэта тое, чаго яна баіцца, магчыма, не менш за апазіцыю.
Мы можам рабіць выгляд палітычнай незаангажаванасці. Але, калі даходзіць да практыкі, усё інакш. І паміж СМІ ўжо ёсць, можна сказаць, пачатак сапраўдных канфліктаў: ёсць выпадкі, калі адныя рэдакцыі дазваляюць сабе абразлівыя артыкулы ў дачыненні да рэдактараў іншых вэбсайтаў ці іншых незалежных СМІ… З аднаго боку, робіцца выгляд, што СМІ такія палітычна незаангажаваныя, а з іншага – можна сказаць, што яны зараз заангажаваныя на падтрымку той ці іншай асобна ўзятай апазіцыйнай палітычнай сілы больш, чым калі б то ні было.