11 чэрвеня ў 12-00 – прэс-канферэнцыя лідэраў і праваабаронцаў па справе Гайдукова
У аўторак 11 чэрвеня напярэдадні суда над Андрэем Гайдуковым адбудзецца прэс-канферэнцыя лідэраў беларускіх партыяў і рухаў ды праваабаронцаў па ягонай справе. Канферэнцыя распачнецца ў 12-00 на ўправе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3). Запрашаем журналістаў!
Нагадаем, 23-гадовы наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 г. у Віцебску супрацоўнікамі КДБ. Гайдукоў працаваў на «Нафтане» і быў намеснікам старшыні беларускай моладзевай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў», падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў назіральнікам на выбарах.
У дачыненні да Гайдукова распачатая справа па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Паводле КДБ ён займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага ды эканамічнага характару і быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са «звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Семь месяцаў хлопец утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Паводле высунутага супраць яго абвінавачвання Андрэю Гайдукову пагражае да 15 гадоў зняволення.
Суд над Гайдуковым распачнецца 12 чэрвенна ў 10.00 у Віцебскім абласным судзе. Суддзя – Галіна Урбановіч. Як заявіў напярэдадні старшыня КДБ Валер Вакульчык, суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.