Артыкул 193.1. У Шчучынскім раёне верніка пераследуюць за дабрачынную дзейнасць (фота)

19 чэрвеня 2013 14:04  |  Галоўныя навіны

У Шчучынскім раёне мясцовая міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да жахара вёскі Аляксандраўка, каталіцкага верніка Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы прытулак для бяздомных.

 

Яго абвінавачваюць паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу ў тым, што ён “арганізаваў дзейнасць … незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забяспечыў умовы яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўсталяваным заканадаўствам парадку”. Аляксея Шчадрова вінавацяць у тым, што ён “аб’ядноўвае ва ўстойлівую групу адзінаверцаў з ліку мясцовых жыхароў, а таксама асобаў бяз вызначанага месца жыхарства”, абсталяваў пакой “для адпраўлення рэлігійнага культу і задавальнення іншых рэлігійных патрэбаў”. На падставе гэтага верніка хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

 

Больш за тое па Шчучынскім радыё і тэлебачанні ўжо прайшлі сюжэты, у якіх Шчадрова і тых, хто жыве ў ягоным прытулку, абвясцілі сектантамі.

 

Па словах Аляксея Шчадрова, ён не ствараў ніякай рэлігійнай арганізацыі, а толькі прытулак для бяздомных, якіх дзяржава не хоча заўважаць, займаўся дабрачыннай дзейнасцю з міласэрдзя да бліжняга. Ён таксама абвяргае абвінавачванні ў арганізацыі набажэнстваў, бо не з’яўляецца святаром. Аляксей Шчадроў адзначае, што проста моліцца супольна з тымі, хто знаходзіцца ў прытулку.

 

У сувязі з гэтым Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя звяртаецца да беларускай і міжнароднай супольнасці, да палітыкаў і праваабаронцаў з заклікам падтрымаць верніка, якога пераследуюць за ягоную дабрачынную дзейнасць, і патрабаваць спынення распачатай справы. Артыкул 193.1, паводле якога яго пераследуюць, носіць відавочны палітычны характар, а сам пераслед з’яўляецца выклікам беларускаму грамадству.

 

“Пераслед Аляксея Шчадрова за дабрачынную дзейнасць, судовая справа Андрэя Гайдукова – гэта сведчанне таго, што ніякай лібералізацыі, пра якую кажуць лабісты рэжыму за мяжой і ягоныя адбелівацелі ўнутры краіны, ў Беларусі няма. Гэтыя справы – ілюстрацыя таго, да чаго прыводзіць Realpolitik у дачыненні да рэжыму. Калі палітыка не будзе заснаваная на каштоўнасцях, сітуацыя ў Беларусі будзе толькі пагаршацца, бо гэтыя справы – гэта пачатак “прэзідэнцкай кампаніі” 2015 году. Рэжым вырашыў папрактыкавацца ў рэпрэсіях не на партыях ці буйных палітыках, а на простых людзях, лёсы якіх мала каму цікавыя. Таму гэтыя справы – выклік усім нам, усяму беларускаму грамадству”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

 

Артыкул 193.1. У Шчучынскім раёне верніка пераследуюць за дабрачынную дзейнасць (фота)Артыкул 193.1. У Шчучынскім раёне верніка пераследуюць за дабрачынную дзейнасць (фота)Артыкул 193.1. У Шчучынскім раёне верніка пераследуюць за дабрачынную дзейнасць (фота)

Болей навін