Мітрапаліт Філарэт: апраўдваць смяротнае пакаранне – грэх забойства
21 чэрвеня ў Доме міласэрнасці (прыход храма-помніка ў гонар Усіх святых, Менск) адкрыўся круглы стол «Рэлігія і смяротнае пакаранне”, арганізаваны Радай Еўропы ў супрацоўніцтве з беларускай дзяржавай.
У сустрэчы прымаюць удзел прадстаўнікі традыцыйных канфесій, заканадаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь, дэлегаты Рады Еўропы, дыпламаты, праваабаронцы.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт накіраваў удзельнікам круглага стала прывітанне, якое зачытаў прэс-сакратар Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Лепін.
«Беларуская Праваслаўная Царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе напярэдадні ўсенароднага рэферэндуму, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася пытанне аб смяротнай кары, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання.
“Мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства … Жыццё любога чалавека належыць яго Творцы, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку, – не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё, зведаўшы пакуты, знявагі, здзекі і смерць на Крыжы … Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзян, кожны раз нанова распінае Хрыста”. Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай”, – падкрэслівае Прадстаяцель Беларускай Царквы.
Рэспубліка Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. На рэферэндуме 1996 года за яе захаванне выступілі 80,44% грамадзян. У Канстытуцыі РБ (артыкул 24) пазначана: «Смяротная кара да яе адмены можа ўжывацца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прысудам суда”. У 2013 годзе было вынесена 3 смяротныя прысуды.