Па прапанове Віталя Рымашэўскага ў Сейме Літвы рыхтуюцца слуханні па Беларусі

26 чэрвеня 2013 17:13  |  Галоўныя навіны

У літоўскім Сейме 26 чэрвеня пачаліся кансультацыі паміж літоўскімі і беларускімі дэмакратычнымі партыямі. Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на іх прадстаўляе сустаршыня Віталь Рымашэўскі.

 

Падчас нарады абмяркоўвалася у тым ліку і пытаньне выключэння з «чорнага спісу» неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. Як адзначыў сустаршыня БХД, гэта было памылковым рашэннем. якое не варта было рабіць да вызвалення палітвязняў.

 

Віталь Рымашэўскі таксама паведаміў, што з яго прапановы ў літоўскім Сейме рыхтуюцца слуханні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, па праблеме палітвязняў, сітуацыі са свабодай СМІ і гэтак далей. Асаблівая ўвага будзе звернутая на новыя працэсы, якія распачаліся ў Беларусі.

 

“Я выступіў з прапановай правесці парламенцкія слуханні ў Літве па пытанні правоў чалавека ў Беларусі. Зараз судзяць Андрэя Гайдукова, распачалася справа па артыкуле 193.1 у Шчучынскім раёне супраць чалавека, які арганізаваў прытулак для бяздомных. Гэта відавочна палітычныя справы, выклік усім нам. Паколькі зараз прынятае памылковае рашэнне пра выключэнне Макея, што стала дрэнным знакам для беларускага грамадства, для тых, хто арыентаваны на змаганне за свабоду, то ня трэба забывацца і пра тое, што робіцца ў Беларусі з правамі чалавека”, – сказаў сустаршыня БХД.

 

Дата слуханняў пакуль невядомая. Магчыма, што папярэднія слуханні пройдуць на працягу бліжэйшага месяцу.

Болей навін