Віталь Рымашэўскі: адбываецца лукашэнізацыя Усходняй Еўропы

18 ліпеня 2013 11:39  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў вынясенне ў Расеі прысуду вядомаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму, які асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

 

Паводле сустаршыні БХД, прысуд Навальнаму – дыягназ палітычнай сістэме Расеі. “Вынясеннем гэтага прысуду пуцінскі рэжым канчаткова сцвердзіў ідэнтычнасць з рэжымам Лукашэнкі. Справа, распачатыя пасля падзеяў на Балотнай плошчы ў Маскве, і самі гэтыя падзеі, уключна з правакацыяй уладаў, вельмі падобныя таго, што адбылося ў Менску 19 снежня 2010 года і пасля таго”, – адзначыў ён.

 

“Адбываецца лукашэнізацыя Усходняй Еўропы. Таталітарныя тэндэнцыя, якія назіраюцца тут, – выклік усім народам гэтага рэгіёну. Надышоў час усім дэмакратычным сілам Усходняй Еўропы даць супольны адказ гэтым падзеям”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

 

Пры гэтым ён нагадаў пра ініцыятыву БХД па стварэнні Усходнееўрапейскага Дэмакратычнага Форума, які мусіць зацвердзіць асноўныя супольныя задачы і планы правядзення супольных кампаній ў абарону незалежнасці і дэмакратыі краін Усходняй Еўропы ад расейскай экспансіі. 

 

“Таксама і дэмакратычным краінам свету надышоў час вызначыцца ў стаўленні да дыктатутр. Толькі палітыка, заснаваная на падмурку правоў чалавека, хрысціянскіх каштоўнасцяў, дазваляе перамагаць дыктатуры. Realpolitik – дыктатуры спрараджае і спрыяе іх росквіту”, – мяркуе сустаршыня БХД.

Болей навін