Выйшаў чарговы фільм пра Аляксея Шчадрова, які адчыніў прытулак для бяздомных

23 ліпеня 2013 11:02  |  Палітыка

Не ў пашане міласэрнасць у нашай айчыне. Яна ў нас павінна быць толькі афіцыйнай, абстаўленай стосам паперак з пячаткамі і важнымі подпісамі. Не ведаў пра гэта жыхар Шчучынскага раёна Аляксей Шчадроў, які, кіруючыся міласэрнасцю неафіцыйнай, зладзіў у сваім доме ў вёсцы Аляксандраўка прытулак для абяздоленых людзей.

«Адкрыў Дом Марыі для кінутых, пакінутых людзей, якія жывуць на вуліцы і нікому не патрэбныя, – сказаў ён БелаПАН. – Так мяне вучыць Касцёл – дапамагаць бліжняму. Шмат каму, асабліва міліцыі, гэта не спадабалася: маўляў, зладзіў бамжатнік, сабраў алкаголікаў і наркаманаў. Яны зачапіліся, што мы тут молімся, абвясцілі па мясцовым радыё, што мы секта, паказалі па тэлебачанні. Я хачу гэтым людзям дапамагчы, даць зразумець, што іх хтосьці любіць, пра іх клапоціцца. Не ведаю, чаму гэта не падабаецца мясцовым уладам. Прашу аб адным: каб нас пакінулі ў спакоі».

Згодна з пастановай начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шчучынскага РАУС Сяргея Асавіка, які разглядаў матэрыялы праверкі, Шчадроў «арганізаваў дзейнасць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забяспечыў ўмовы для яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўстаноўленым законам парадку».

У выніку распачата справа па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), паводле якой жыхару Аляксандраўкі пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Зараз у Доме Марыі здабылі прытулак пяцёра насельнікаў: двое ляжачых – паралізаваны Сяргей і Вячаслаў з ампутаванымі пасля абмаражэння нагамі, двое падапечных знайшлі працу. Ужо больш за паўгода дапамагае Аляксею весці гаспадарку, даглядаць за хворымі Ганна Аўсейчык.

«Захаплялася я моцна спіртнымі напоямі, – прызнаецца жанчына. – Спрабавала змагацца, але кожны раз зрывалася ў запой. Сямейнае жыццё не склалася, Бог дзяцей не даў – увогуле, усё адно да аднаго. Я тут як другі раз на свет нарадзілася. Калі б сюды не трапіла, не ведаю, што б са мной было. Кожны чалавек можа спатыкнуцца, але дайце магчымасць яму зноў стаць на ногі. А тут можна ўстаць на ногі – у нас цвярозы лад жыцця, няма спакусы, людзі з Богам жывуць. <…> Я тут патрэбна, я сябе чалавекам тут адчуваю».

Ганна звяртаецца да ўсіх добрых людзей: “Прашу ад чыстага сэрца – дапамажыце, не дайце зачыніць наш прытулак. Няхай, наадварот, дадуць развівацца – колькі яшчэ такіх вось лёсаў загубленых! ».

Ці пачуюць крык яе душы Шчучынскія начальнікі, аднаму Богу вядома. Таксама ж, не выключана, у храм ходзяць, свечкі ставяць, паклоны б’юць. Хай цяпер справай дакажуць, што міласэрнасць – не пусты гук, а рэальнае справа, якая патрабуе падтрымкі.

 

 

Болей навін