Севярынец: трэба ствараць народныя дружыны і Камітэт грамадскіх расследванняў
Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту БХД, які адбывае тры гады абмежавання волі за Плошчу ў спецкамендатуры ў Пружанскім раёне, прапаноўвае дэмакратычным сілам з’яданацца дзеля абароны сваіх дзяцей.
“Тэрор у дачыненні да Наталлі Шэлег і сям’і Шэлегаў – выклік для нас усіх. Пакінем справу без увагі – і заўтра можам апынуцца ў такім жа, калі не горшым становішчы. Безназоўныя бандыты распярэзваюцца ад беспакаранасці. Кваліфікацыя гэтага злачынства як звычайнага “хуліганства” – плявок у твар людзям. Гэта наўмыснае асабліва цяжкае злачынства: артыкулы “выкраданне чалавека” і “разбой”, – падкрэсліў ён.
“Прапаную ўдзельнікам серадовага круглага стала ў Бабруйску стварыць Камітэт грамадскіх расследванняў, куды запрасіць прафесіяналаў, былых следчых, праваабаронцаў і журналістаў для незалежнага расследвання падобных выпадкаў, а таксама – народныя дружыны з мужчынаў і юнакоў, каб можна было сустракаць і праводзіць дзяцей т жанчынаў у выпадку пагрозаў або небяспекі”, – адзначыў Павал Севярынец.