БХД: Патрабуем даць інфармацыю пра лёс ксяндза Лазара!

31 ліпеня 2013 11:15  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” патрабуе ад КДБ даць грамадскасці поўную інфармацыю адносна лёсу затрыманага ксяндза Уладзіслава Лазара. Паводле сведчанняў парафіянаў парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, ксёндз знік два месяцы назад – а гэта значыць, што яму ўжо абавязаныя былі прад’явіць афіцыйныя абвінавачванні.

 

“Шпіёнская справа” Андрэя Гайдукова давяла ўсім, што абвінавачванні ў супрацы з замежнымі спецслужбамі ў сённяшняй Беларусі – гэта найчасцей правакацыя саміх спецслужбаў і спосаб запалохаць грамадства. Парафіяне, пазбаўленыя душпастыра, каталікі і ўсе людзі добрай волі патрабуюць даць інфармацыю, у чым абвінавачваецца ксёндз Уладзіслаў Лазар, чаму яго трымаюць у сумна вядомым СІЗА КДБ і чаму на самым высокім узроўні без суда і следства робяцца заявы пра ягоную вінаватасць.

 

Мы лічым, што арышт ксяндза Уладзіслава – гэта спроба запалохаць альбо шантажаваць беларускі Касцёл і вернікаў.

 

Нагадаем, 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрыманы супрацоўнік спецслужбаў, які з дапамогай прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу супрацоўнічаў з замежнымі выведкамі. На наступны дзень стала вядома, што ў СІЗА КДБ ужо два месяцы знаходзіцца пробашч каталіцкай парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве ксёндз Уладзіслаў Лазар. За што і чаму яго затрымалі невядома, гэтак жа як невядома, ці звязаны ён з той справай, пра якую казаў Аляксандр Лукашэнка. КДБ дагэтуль хавае ўсю інфармацыю пра гэта.

Болей навін