БХД распачала акцыю салідарнасці з ксяндзом Лазарам
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” распачаў акцыю салідарнасці з арыштаваным ксяндзом Уладзіславам Лазарам. У прыватнасці, сябры БХД накіроўваюць лісты падтрымкі і паштоўкі на адрас СІЗА КДБ у Менску.
Акрамя таго, у інтэрнэце распачаўся збор подпісаў за вызваленне ксяндза Уладзіслава (свой подпіс можна паставіць тут).
БХД заклікае вернікаў-каталікоў і ўсіх беларусаў далучацца да акцыі салідарнасці і дасылаць лісты на адрас: 220050, Менск, а/c 8, СІЗА КДБ, Лазару Уладзіміру Міхайлавічу.
Мы лічым, што арышт святара з’яўляецца спробай шантажу Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі і запужвання беларускага грамадства. У сувязі з гэтым мы патрабуем неадкладнага вызвалення ксяндза Уладзіслава Лазара.
Нагадаем, у СІЗА КДБ больш за два месяцы знаходзіцца каталіцкі святар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве Уладзіслаў Лазар. У чым яго вінавацяць незразумела, бо увесь гэты час, нягледзячы на патрабаванні грамадства і ажыятаж у СМІ, КДБ настойліва захоўвае маўчанне па дадзенай справе.