Сябры БХД знайшлі магілу атамана «Зялёнага дуба» ў Варшаве
Адзін з кіраўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Цімафей Хведашчэня пахаваны на Паўночных могілках польскай сталіцы.
Як высветлілі актывісты «Беларускай нацыянальнай памяці», ён памёр у Варшаве ў 1977 годзе.
«Час і месца смерці Цімафея Хведашчэні доўгі час не былі вядомыя. Мы даўно спрабавалі знайсці яго магілу. Дапамог у гэтым беларус з Беласточчыны – палкоўнік польскай арміі Юрый Зюзя. Ён вёў ліставанне з ваенным архівам Польшчы і, дзякуючы гэтаму, удалося знайсці магілу атамана», – распавёў сайту charter97.orgкіраўнік Беларускай нацыянальнай памяці, сябар Нацыянальнай Рады БХД Анатоль Міхнавец.
Цімафей Хведашчэня нарадзіўся 9 чэрвеня 1893 года пад Лунінцом. У 1918 годзе ён прыняў удзел у паўстанні, якое адбылося ў Менску і скончылася выгнаннем з беларускай сталіцы Чырвонай арміі. Пасля Цімафей Хведашчэня разам са сваімі паплечнікамі далучыўся да войскаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча, якія вялі барацьбу з бальшавікамі на Палессі.
Пасля паразы Слуцкага паўстання 1920 года ён уступіў у беларускую партызанскую арганізацыю «Зялёны дуб», дзе стаў атаманам. Пазней ён перабраўся ў Польшчу, і адтуль праводзіў узброеныя рэйды на тэрыторыю, занятую бальшавікамі.
Падчас Другой сусветнай вайны Хведашчэня ўзначальваў Беларускае аб’яднанне ў Белавежы і стаў дырэктарам беларускай школы. Яго некалькі разоў арыштоўвалі польскія ўлады – як да Другой сусветнай вайны, так і пасля.
«Зялёны дуб» – беларуская партызанская арганізацыя, якая дзейнічала ў пачатку мінулага стагоддзя. Яе галоўнай мэтай было аднаўленне незалежнасці нашай краіны.
Баявыя дзеянні яна пачала летам 1919 года. Тады ж газеты «Колокол» і «Беларусь» надрукавалі «Дзённік арміі Зялёнага Дуба», складзены кіраўніком арганізацыі Вячаславам Адамовічам. Восенню 1920 года быў створаны Галоўны штаб партызанскіх атрадаў, які ўзначаліў палкоўнікУладзімір Ксяневіч.
Галоўны штаб «Зялёнага Дуба» знаходзіўся ў Лунінцы. Менавіта там фармаваліся атрады, якія потым перакідваліся на тэрыторыю савецкай Беларусі. Яны дзяліліся на «пяцёркі», якія ў сваю чаргу станавіліся ядром паўстанцкіх аддзелаў, цэнтрамі прыцягнення незадаволеных бальшавіцкім рэжымам сялян. Сябры арганізацыі вялі баявыя дзеянні ў Слуцкім, Мазырскім, Бабруйскім, Барысаўскім і Ігуменскім паветах.