БХД заклікае дапамагчы Эрнсту Сабілу (фота)
Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падтрымалі ў Асіповічах былога вязня сумлення, сябра БХД і пастара Эрнста Сабілу, якому ўлады пагражаюць забраць недабудаваны дом. У гэтым доме рэгулярна адбываюцца сустрэчы дэмакратычных актывістаў.
У сувязі з гэтым актывісты БХД папрацавалі на будоўлю, перадалі Эрнсту Канстанцінавічу сабраныя ахвяраванні. БХД заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца, прыехаць у Асіповічу і аказаць Эрнсту Сабіле падтрымку працай або грашыма.
“Эрнста Канстанцінавіча злачынная савецкая ўлада на 15 гадоў кінула ў вязніцу, пазбавіўшы маладосці. Ён для нас – прыклад змагара за веру і Беларусь. Таму справай нашай годнасці ёсць падтрымаць яго, калі ўлады пагражаюць забраць дом, які ён будуе”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Эрнст Сабіла нарадзіўся 18 сакавіка 1932 года ў вёсцы Дзехцяроўка Менскага раёна. У 1951 годзе, будучы студэнтам, быў арыштаваны па арт. 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР («актыўная агітацыя з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Быў прысуджаны да расстрэлу, але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлягераў. У 1964 быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці. З часу вызвалення знаходзіўся пад наглядам КДБ.
З 1988 году прасвітар Евангельскай царквы. У 1989 годзе на першым з’ездзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асвячаючы мерапрыемства. У 2000-я стаў сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.