Талакою супраць АЧС (відэа)

21 жніўня 2013 09:45  |  Галоўныя навіны

Грамадскую раду для барацьбы з афрыканскаю чумою свіней стварае Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Прадстаўнікі апазіцыйнай палітычнай структуры заяўляюць, што ва ўмовах, калі ўлады робяць дзяржаўную таямніцу са сваіх захадаў ліквідацыі АЧС, яны хочуць прапанаваць вяскоўцам цывілізаваную альтэрнатыву – такія крокі, якія грунтуюцца на сусветным досведзе барацьбы з захворваннем.

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, АДКАЗНЫ САКРАТАР ПАРТЫІ БХД:
“Мы паспрабуем распрацаваць альтэрнатыўны план барацьбы з АЧС, які ўлічваў бы не толькі інтарэсы дзяржавы, але і простых грамадзянаў і фермераў”.

Партыйцы заявілі, што ствараюць гарачую тэлефонную лінію для барацьбы з АЧС і службу юрыдычнай дапамогі. Пагатоў, пра неабходнасць такіх крокаў кажуць самі фермеры.

МІХАСЬ НОВІК, ФЕРМЕР, ПРУЖАНЫ:
“Даць прававую ацэнку дзеянняў уладаў наконт метадаў барацьбы з афрыканскаю чумою”.

ІГАР ГРЫШАНАЎ, СТАРЭЙШЫНА В. СТАЎРЫ, АРШАНСКІ РАЁН:
“У адной з вёсак дайшло да таго, што мясцовыя жыхары пачалі мірны супраціў, пасля чаго выклікалі спецназ. Можаце сабе ўявіць сялянаў і байцоў спецназу”.

Але з іншага боку, самаарганізацыя сялянаў часам вядзе да таго, што ўлады ідуць на пэўныя саступкі. На Берасцейшчыне ў Бярозаўскім раёне вяскоўцы дамагліся адтэрмінавання знішчэння свіней. Што праўда, цалкам праблемы гэта не вырашыць. Як і таго, што людзі хаваюць свіней, перавозяць іх з вёскі ў вёску і гэтак ствараюць новую небяспеку распаўсюду хваробы. Хаваць жа жывёлу, як ад акупантаў, прымусілі сялянаў улады, праваліўшы тлумачальную працу з вяскоўцамі, упэўненыя адмыслоўцы.

АЛЯКСЕЙ ЦЮЛЬКОЎ, ВЕТЭРЫНАРНЫ ДОКТАР:
“З гэтым захворваннем, можа, і трэба змагацца жорсткімі захадамі, але разумеючы, што мы робім, а для гэтага трэба казаць пра тое ясна і гучна, не падманваючы адзін аднаго”.

У выпадку ж, калі ўлады працягнуць хаваць праўду пра эпідэмію афрыканскай чумы свіней, а на неразуменне і супраціў насельніцтва адказваць рэпрэсіўнымі захадамі, у БХД абяцаюць, што звернуцца да міжнароднай супольнасці, каб пад вонкавым ціскам прымусіць урад урэшце паведаміць, ці мае ён іншы план барацьбы з хваробаю, апроч як выразаць свіней ва ўсёй краіне.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

 

Болей навін