БХД смуткуе з прычыны смерці Віктара Івашкевіча

03 кастрычніка 2013 17:13  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя смуткуе з прычыны смерці вядомага беларускага палітыка, каардынатара кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і “Беларускага руху” Віктара Івашкевіча. БХД выказвае шчырыя и глыбокия спачуванні яго сваякам і блізкім.

 

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На пачатку 1980-х — актыўны ўдзельнік моладзевых нефармальных аб’яднанняў “Майстроўня”, “Талака”, адзін з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцыяў і мерапрыемстваў, у тым ліку экалягічнага маршу па Прыпяці ў 1988 годзе — адной зь першых чарнобыльскіх акцыяў пратэсту. Ініцыятар стварэньня страйкамаў на менскіх прадпрыемствах у 1991 годзе.

Ад 1998 году Віктар Івашкевіч больш за 10 разоў быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, шмат разоў — штрафамі. Двойчы трымаў галадоўку. 16 сьнежня 2002 году ён быў арыштаваны, а праз некаторы час — асуджаны да аднаго году абмежавання волі за паклёп на прэзідэнта. Нагодай для крымінальнай справы стаў артыкул “Злачынца павінен сядзець у вязьніцы”, надрукаваны ў газеце “Рабочы” падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Адбываў пакараньне ў Баранавічах. Апынуўся на волі 16 сьнежня 2003 году.

 
Ад 1988 года — актывіст БНФ, да 2009 года — намеснік старшыні Партыі БНФ. Да лютага 2011 году быў кіраўніком менскай гарадской арганізацыі БНФ. У апошнія гады жыцця займаў пасаду каардынатара кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, быў адным з лідараў аргкамітэту “Беларускага руху”.
Павел Севярынец: Івашкевіч быў маторам усіх кааліцый
  
«Віктар Івашкевіч запомніўся мне як адзін з самых станоўчых і грунтоўных людзей у Фронце, — кажа ў інтэрв’ю “Нашай Ніве” сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец. – Заўжды выклікала павагу тое, што ён можа прыняць пункт погляду іншага, а не будзе адстойваць свой толькі таму, што гэта погляд ягоны.

Мы, маладафронтаўцы, нярэдка звярталіся да яго – ён быў адмысловым лагістам, мог дастаць гукаўзмацняльную апаратуру на акцыі, зладзіць паездку па рэгіёнах. У гэтых пытаннях ён заўжды даваў рады. Звярталіся да яго, калі трэба было знайсці з кім-небудзь паразуменее. Івашкевіч разам з Вячаславам Сіўчыкам заўжды добра ставіліся да моладзі. У яго была рэдкая цярпімасць, што не заўжды сустракаецца ў нашых апазіцыйных колах. Ён быў маторам усіх кааліцый.

Вельмі шкада, што ён памёр такі малады. Колькі ён яшчэ мог зрабіць для Беларусі. Светлая памяць».

 

Віталь Рымашэўскі: імя Віктара Івашкевіча ўпісана ў беларускую гісторыю

 

“Віктар Івашкевіч быў прыкладам сумленнага і мужнага чалавека, палітыка, які кіраваўся выключна каштоўнасцямі, а не прагматыкай. Страта Віктара Івашкевіча – гэта страта для ўсёй Беларусі. Яго імя ўжо сёння ўпісанае ў гісторыю беларускай палітыкі”, – адзначыў у каментары прэсавай службе БХД сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі.

Болей навін