Віталь Рымашэўскі: перамога магчымая, калі мы будзем яе годныя

20 кастрычніка 2013 13:35  |  Палітыка

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 20 кастрычніка на з’ездзе аргкамітэту па стварэнні ГА “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты” заклікаў прадстаўнікоў МХД вызначыць сутнасць і кірунак дзейнасці.
 
“Ваша задача – не проста называцца хрысціянскімі дэмакратамі, але і ведаць, што гэта такое”, – адзначыў ён, падкрэсліўшы, што на ідэях хрысціянскай дэмакратыі заснаваныя эканомікі большасці краін Еўропы.
 
“У сярэдзіне назвы МХД слова “Хрысціянскія”, у аснове якога імя Хрыстос. Ані БХД, ані МХД не рэлігійныя арганізацыі, у нас ёсць веруючыя і няверуючыя людзі, мы нікога не прымушаем, але, калі мы прынамсі не будзем цікавіцца вытокамі, хрысціянствам, то нічога ў нас не атрымаецца”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.
 
“Але нятрэба прыкрывацца імем Ісуса Хрыста. Трэба менш словаў, а больш справаў. Перамога будзе магчымая толькі тады, калі мы будзем яе годныя. Перамога пачынаецца з нашых сэрцаў. Мы не перамагаем, бо маем мала духу, мала нясем альтэрнатыву. Трэба быць вернымі і адказнымі, сумленнымі перад самім сабой, Богам і людзьмі. Тады Гасподзь будзе з вамі, будзе дабраславенне вашай арганізацыі і вашай дзейнасці, а БХД вас, безумоўна, падтрымае”, – адзначыў сустаршыня БХД.
 
Ён таксама пэдкрэсліў, што перад хрысціянствам скарыліся многія вялікія імперыі і цывілізацыі.

Болей навін