Моладзевая палітыка МХД
У сваей
фармулёўцы моладзевай палітыкі МХД зыходзіць з таго, што гэта палітыка ёсць
жыццёва неабходная частка дзяржаўнай палітыкі ў цэлым. Яна павінна будавацца на
хрысціянскіх маральных каштоўнасцях, і асноўным аб’ектам гэтай палітыкі павінны
з’яўляцца маладыя людзі. Моладзевая палітыка будуецца на прынцыпе
субсідыярнасці і непарыўна звязана з палітыкай у галіне адукацыі, а таксама ў
іншых сферах як, напрыклад, у дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, сацыяльнай
сферы, ахове здароўя і іншых сферах.
Адукацыйная палітыка мусіць быць накіравана на выхаванне грамадзяніна,
свядомай адказнай за сябе і сваю краіну асобы, арыентавана на сучасныя
канкурэнтныя веды і самастойнае мысленне.
Фундаментальныя і сістэмныя праблемы
Дэмаграфічны крызіс. За
апошнія 18 гадоў насельніцтва Беларусі значна паменшылася і значна састарэла.
Па афіцыйных дадзеных на 1 верасня 2012 года колькасць насельніцтва Беларусі
склала 9459 тыс. чалавек, што на 718 тыс. чалавек менш, чым у 1996 годзе.
Кожны год колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных. Дэмаграфічная
піраміда ў нашай краіне ўсе больш пераварочваецца дагары нагамі, таму што яе
аснова (людзі актыўнага ўзросту, моладзь, дзеці) памяншаецца. Гэты працэс мае
месца таксама і ў развітых краінах Заходняй Еўропы, але ў Беларусі ён
ускладняецца моцным жаданнем моладзі з’ехаць з роднай краіны і рэалізоўваць
свой патэнцыял у іншай краіне. Адна з галоўных прычын адтоку маладых людзей – абмежаванасць
умоў для развіцця і рэалізацыі іх чалавечага капіталу ў Беларусі.
Антыканстытуцыйная практыка прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і
жабрацкая аплата працы штурхае маладых беларусаў да пошуку лепшага жыцця за
мяжой.
Нізкая
нараджальнасць з’яўляецца характэрнай праблемай для многіх еўрапейскіх краін і
для многіх развітых краін свету. Аднак для Беларусі важнай абставінай гэтай
праблемы з’яўляецца ўстрыманне ад нараджэння дзіцяці з-за фінансавых цяжкасцяў,
бо большасць маладых сем’яў у Беларусі жывуць амаль на мяжы беднасці. Вялікая
праблема і бяда для Беларусі – гэта вялізная колькасць абортаў, у выніку чаго
кожны год на свет так і не нараджаюцца дзесяткі тысяч дзяцей. Дэмаграфічны
крызіс і яго паглыбленне, што адбываецца сёння ў нашай краіне, уяўляе сабой
вялізную небяспеку. Ён можа прывесці нават да разбурэння краіны як фармальнай
існасці на мапе свету. МХД лічыць, што вырашэнне гэтай праблемы жыццёва важна
для будучыні Беларусі як незалежнай і моцнай дзяржавы.
Разрыў пакаленняў. Калі
нізкая нараджальнасць – з’ява знаёмая для Заходняй Еўропы, то разрыў пакаленняў
падаецца характэрнай з’явай для Беларусі. Сёння ўлада імкнецца кантраляваць усе аспекты жыцця
кожнага беларуса, і таму спрабуе забяспечыць грамадзяніна пэўным мінімумам у
абмен на яго пасіўную ролю ў палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсах.
Выхаванне патэрналісцкіх настояў у маладых людзей прыводзіць да надзеяў і
чаканняў чалавека ад дзяржавы, а не ад паспяховасці сваёй рэалізацыі, у тым
ліку праз стварэнне сям’і. Такім чынам, ад сям’і залежыць усё менш, што спрыяе
парыванню сямейных сувязяў.
Сёняшнія
ўлады імкнуцца стварыць уражанне, што гісторыя нашай краіны пачалася не раней,
чым 90 гадоў таму (дастаткова паглядзець на помнікі і назвы вуліц у беларускіх
гарадах ці афіцыйныя святы). Сама дзяржаўная эліта сімвалічна і ментальна
звязвае сябе з савецкім мінулым. Навязванне так званай “ідэалогіі беларускай
дзяржавы”, якая з’яўляецца па сутнасці апраўданнем антынацыянальнай палітыкі,
адсутнасць сапраўднага нацыянальнага патрыятычнага выхавання прыводзяць да
таго, што большасць маладых людзей не ведаюць сваёй гісторыі і культуры,
помнікаў, славутых імён Беларусі. Медыйная палітыка цяперашніх улад фактычна
прасоўвае нізкаякасныя з’явы перыферыйнай масавай культуры.
Савецкі час
– гэта далёка не адзінае і не галоўнае, што прывяло да існавання беларускай
дзяржавы, і што вызначае яе будучыню. Гэта важны гістарычны перыяд для сучаснай
Беларусі, аднак праблема ў тым, што цяпер ён прэзентуецца як адзіны складнік
беларускай гісторыі, і ў той жа час актыўна замоўчваецца наша славутая
мінуўшчына, нашы еўрапейскія цывілізацыйныя сувязі і элементы ментальнасці.
Моладзь свядома ці падсвядома адчувае гэты падман, але ў асноўным не мае
пазітыўнай замены яму, што вядзе да нацыянальнага нігілізму. Дадзеная палітыка
спрыяе адрыванню беларускай моладзі ад сваіх каранёў, ад гісторыі сваёй
Радзімы, ад культурнай традыцыі і гісторыі сваёй сям’і. Такім чынам, рвуцца
культурныя і гістарычныя сувязі з папярэднімі пакаленнямі.
Апатыя большай часткі моладзі. Сёння улады
робяць усё магчымае, каб моладзь не прымала актыўнага ўдзелу ў
грамадска-палітычным жыцці краіны. Студэнты мусяць выбіраць паміж
грамадска-палітычнай актыўнасцю і навучаннем/працай. Перспектыва прымусовага
размеркавання, жабрацкай заработнай платы, нізкія перспектывы забяспечыць
годнае існаванне новай маладой сям’і і дзяцей ствараюць атмасферу
безнадзейнасці і апатыі. Але адной з самых галоўных прычын гэтаму – абмежаваныя
магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэяў і ініцыятывы. Гэта абумоўлівае тое, што
большая частка моладзі не можа і не хоча ўдзельнічаць у жыцці краіны.
Адсюль узнікае жаданне моладзі
рэалізоўваць свой патэнцыял у іншай краіне, бо любы нармальны чалавек
жадае самарэалізацыі і дасягненняў. Таму шмат маладых людзей не бачаць
перспектывы тут і хочуць з’ехаць ці надоўга, ці назаўжды. Такое жаданне прысутнічае
ў вялізнай часткі маладых грамадзян Беларусі.
Праблемы сістэмы
адукцыі носяць хранічны характар. Перманентная рэформа сістэмы
адукацыі, якая ажыццяўляецца ў Беларусі ўжо дзесяцігоддзе, не прывяла да
пазітыўных зрухаў. Наадварот, мы назіраем паглыбленне крызісных з’яў.
Адна з
праблем у адукацыі – нізкія заробкі настаўнікаў сярэдніх навучальных устаноў і
прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых навучальных устаноў. Асабліва востра
стаіць пытанне аплаты працы выкладчыкаў сярэдніх навучальных устаноў, сярод
якіх пераважаюць жанчыны менавіта з-за нізкага заробку і непрэстыжнасці працы ў
школе.
Сярэдняя
адукацыя не арыентавана на развіццё асобы згодна з індывідуальнымі прыярытэтамі
асобы – уніфікаваныя навучальныя планы і праграмы, адсутнасць прафесійнай
дыферэнцыяцыі ў старэйшых класах ускладняюць вучням выбар будучай прафесіі
адпаведна сваім схільнасцям. На сённяшні дзень у Беларусі сярэдняя адукацыя
страціла выхаваўчую функцыю. Замест гэтага робіцца ўхіл на дасягненне нейкіх
абстрактных фармальных паказчыкаў, хаця галоўнай функцыяй сярэдняй адукацыі
мусіць быць выхаванне годнай асобы, перадача гэтай асобе пазітыўных мадэляў
сацыяльных паводзін і арыентацыя на будучую прафесію. Сёння ў Беларусі поўнасцю
ліквідавана патрыятычнае і нацыянальна арыентаванае выхаванне – скарачаюцца
ўрокі па гісторыі Беларусі, у праграме па гэтаму прадмету скажоныя вельмі
важныя акцэнты нацыянальнай гісторыі, колькасць беларускамоўных школ і класаў
проста мізэрная. Праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па вынішчэнню нацыянальнай
самасвядомасці і замена яе на ідэалагічны сурагат фальшывых ідэяў.
Беларуская
вышэйшая адукацыя на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых адсталых у Еўропе.
Выключэнне складаюць толькі асобныя прыродазнаўчыя і тэхнічныя дысцыпліны, але
і яны ў сваёй большасці працягваюць развівацца па інэрцыі, закладзенай яшчэ за
савецкім часам. У большасці астатніх галін якасць адукацыі вельмі нізкая, што
выражаецца ў наступным:
- фармалізме навучальнага працэсу;
- закасцянеласці падыходаў да навучання;
- слабай тэхналагічнай базе навучальнага працэсу;
- поўнай ізаляванасці беларускай адукацыі ад еўрапейскіх адукацыйных
працэсаў; - адсутнасці студэнцкай мабільнасці, аўтаноміі ўніверсітэтаў і поўнай
залежнасці вышэйшых навучальных устаноў ад дзяржавы; - палітычнымі рэпрэсіямі супраць іншадумства;
- табуяванні асобных тэм па гуманітарных і сацыяльных навуках і
навязванні псеўданавуковай і антынацыянальнай “ідэалогіі беларускай
дзяржавы”.
У Беларусі было ўведзена па сутнасці прыгоннае права для моладзі, якая
навучалася на бюджэтнай аснове – размеркаванне маладых спецыялістаў, што ва
ўмовах прымусовай працы і жабрацкай аплаты працы з’яўляецца разнастайнасцю
рабства.
Шляхі развіцця моладзевай палітыкі ў Беларусі
Зыходзячы з Праграмы МХД і нашага ўяўлення пра грамадскія справы, мы бачым
наступныя два галоўныя накірункі дзяржаўнай моладзевай палітыкі:
·Развіццё і падтрымка сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства.
·Развіццё і падтрымка эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай
актыўнасці ў моладзевым асяроддзі.
Паўнавартаснае выхаванне шчаслівых
дзяцей і падлеткаў магчыма ў нармальнай традыцыйнай сям’і. Дзяржава павінна
заахвочваць маладых людзей ствараць трывалыя сем’і і мець дзяцей, заахвочваць
сталых людзей захоўваць свае сем’і і павышаць іх дэмаграфічную перспектыўнасць.
Грамадская вартасць сям’і значна большая, чым простая сума вартасцяў мужа,
жонкі і дзяцей як асобных грамадзян. Таму менавіта сям’я з’яўляецца асноўным
атрымальнікам дзяржаўнай падтрымкі для моладзі.
Дзяржаўная падтрымка мусіць быць карыснай для сям’і ў цэлым. Маладыя людзі
карыстаюцца падтрымкай дзяржавы пераважна ў кантэксце сям’і, спачатку як дзеці
і падлеткі ў сям’і бацькоў (да 18 гадоў), а затым як стваральнікі маладой сям’і
(да 31 года), ці як ўдзельнікі ў выхаванні сірот.
Неабходна распрацаваць тэорыю дэмаграфічнага патэнцыялу ў прымяненні да
Беларусі. Асобным кірункам у працэсе павышэння дэмаграфічнага патэнцялу
з’яўляецца заахвочванне грамадзян удзельнічаць у выхаванні сірот. МХД лічыць,
што выхаванне прыёмных дзяцей мусіць ажыццяўляцца перадусім у сем’ях і дзіцячых
інтэрнатах сямейнага тыпу.
Пры ажыццяўленні моладзевай палітыкі ўрад будзе фармуляваць асноўныя
кірункі, мэты і прыярытэты моладзевай палітыкі, але ў яе рэалізацыі галоўная
роля належыць рэгіёнам і асабліва мясцоваму самакіраванню, грамадскім
арганізацыям. Цэнтральны ўрад будзе вызначаць толькі агульную суму выдаткаў і
яе размеркаванне паміж рэгіёнамі, а ўжо ў межах рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў
вызначаюцца прыярытэты з улікам лакальных асаблівасцяў. Таксама частка сродкаў
будзе размяркоўвацца ў рэгіёнах сярод няўрадавых арганізацыяў, якія працуюць з
моладзю і маладымі сем’ямі.
Актыўны ўдзел моладзі ў жыцці грамадства
Заахвоціць моладзь працаваць на карысць сваей краіны можна толькі тады,
калі маладыя людзі змогуць бачыць магчымасці самарэалізацыі ў Беларусі. Такая
рэалізацыя можа быць у сферах эканомікі, палітыкі, грамадскай працы, навукі,
адукацыі, культуры і іншых сферах. Неабходна развіваць і
падтрымліваць эканамічную актыўнасць у моладзевым асяроддзі, у
прыватнасці, шляхам прапаганды прадпрымальніцтва як стварэння працоўных месцаў
(як мінімум для самога прадпрымальніка). МХД лічыць неабходным развіваць бізнэс
інкубатары для моладзі з магчымасцю атрымання істотных падатковых ільгот на
пачатку існавання ўласнай справы.
Моцным
падмуркам развіцця моладзі ёсць разуменне хрысціянскіх каштоўнасцяў як
светапоглядавай сістэмы і як прынцыпаў, якімі людзі мусяць карыстацца ў
паўсядзённым жыцці. Таксама маладыя людзі павінны ведаць беларускую мову,
гісторыю і культуру. Рэалізацыя дзяржаўнай моладзевай палітыкі магчыма пры
шырокай грамадскай падтрымцы.
Рэформа сістэмы адукацыі
Сфера
адукацыі беспрэцэдэнтна важная для Беларусі, бо Беларусь мае патрэбу ў
выхаванні нацыянальна свядомых і духоўных пакаленняў моладзі, падрыхтаванай да жыцця
ў незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай краіне. Галоўнай мэтай рэформы сістэмы
адукацыі МХД бачыць пераадоленне цяперашніх крызісных з’яў.
Прыярытэтам
пачатковай і сярэдняй адукацыі стане выхаванне асобы, якая будзе годнай часткай
грамадства. Настаўнікі не павінны займацца акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў
яшчэ іншымі відамі дзейнасці, якія навешваюцца сёння чыноўнікамі ад адукацыі.
Высокі ўзровень заработнай платы настаўнікаў, які паступова павінен быць
павялічаны да сярэднееўрапейскага ўзроўню, і высокі сацыяльны статус прафесіі
гарантуюць павышэнне якасці адукацыі. Неабходна вярнуць павагу ў грамадстве да
прафесіі настаўніка, як гэта было раней у Беларусі.
МХД
прапаноўвае развіваць дыферэнцыяцыю сярэдняй адукацыі: профільныя сярэднія
навучальныя ўстановы з паглыбленым вывучэннем пэўных прадметаў, куды мусяць
ісці вучні з адпаведнымі схільнасцямі, а таксама профільныя кірункі ў старэйшых
класах агульнаадукацыйных навучальных устаноў (напрыклад, спартыўны,
прыродазнаўчы, гуманітарны, інфарматыкі і інш.). Падзел старэйшых класаў на
профілі дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць час навучання ў плане развіцця
індывідуальных схільнасцяў вучняў, пазбягаць іх хранічнага адставання і
заахвочваць да засваення новых ведаў адпаведна іх цікавасцям. Дадзены этап
навучання з’яўляецца падрыхтоўкай да ўласна прафесійнай дзейнасці і паступлення
ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Асаблівы
ўхіл у выхаваўчым і навучальным працэсах у сярэдняй школе трэба надаць
патрыятычнаму выхаванню, вывучэнню нацыянальнай беларускай мовы, гісторыі і
літаратуры. Колькасць гадзін па гэтых прадметах мусіць быць істотна павялічана,
асабліва да пачатку падзелу навучання па профілям.
МХД выступае
за абавязковае вывучэнне ў сярэднеадукацыйных навучальных установах асноў
хрысціянскай культуры і этыкі. Дзеля гэтага неабходна адкрыць у педагагічных
установах адпаведную спецыяльнасць для падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў.
Таксама можна звяртацца да практыкі запрашэння на ўрокі прадстаўнікоў
духавенства ўсіх традыцыйных рэлігійных канфесіяў Беларусі. Школьны курс па
асновах хрысціянскай культуры і этыкі будзе накіраваны на вывучэнне базавых
прынцыпаў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі, іх развіцця, гісторыі, а таксама
на іх мірнае суіснаванне з нехрысціянскімі традыцыямі ў Беларусі – юдаізмам і
ісламам. Дадзены курс будзе накіраваны
на выхаванне павагі да ўсіх рэлігійных канфесіяў, на павышэнне ўзаемнага даверу
ў грамадстве паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў.
МХД лічыць
неабходным аптымізаваць навучальныя планы, напрыклад, прадмет фізкультура будзе
пераведзены ў шэраг абавязковых факультатываў без выстаўлення адзнак і здачы
нарматываў. Замест гэтага падчас заняткаў па фізкультуры будуць праводзіцца
камандныя і развіццёвыя гульні, заняткі па фізічнаму дасканаленню вучняў.
Падчас навучальнага працэсу трэба больш увагі надаваць эксперыментальным формам
правядзення заняткаў, выкарыстанню высокіх тэхналогіяў у працэсе навучання
(кампутараў падчас заняткаў у класе, інтэрнэту).
МХД будзе
развіваць беларускамоўную адукацыю праз стварэнне беларускамоўных дзіцячых
садкоў, школ і класаў. Дадзены працэс мы бачым як паступовы, без гвалтоўных
захадаў, ён павінен ажыццяўляцца на аснове свабоднага выбару дзяцей і бацькоў.
Пры гэтым намі будуць забяспечаны ўсе магчымасці для набыцця пачатковай і
сярэдняй адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў.
Улічваючы
патрэбы беларускай эканомікі ў кадрах працоўных спецыяльнасцяў, МХД надае
асаблівую ўвагу развіццю сярэдне-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных навучальных
устаноў. Неабходна пазбавіцца стэрэятыпу, што паступленне ва ўніверсітэт ёсць
гарантыя працаўладкавання і неабходнасць для паспяховай кар’еры. Трэба вярнуць
павагу і цікавасць маладых людзей да працоўных спецыяльнасцяў. Для дадзеных
устаноў будзе забяспечана неабходная тэхналагічная база, каб навучэнцы маглі на
практыцы засвоіць перадавыя тэхналогіі і метады працы.
Асноўнай
задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці. Для
нас важна пераадолець ізаляванасць беларускай адукацыі ад еўрапейскіх і
сусветных працэсаў, неабходна далучыцца да Балонскага працэсу, ажыццявіць
узаемнае прызнанне дыпломаў з развітымі краінамі свету. Трэба пазбавіць
вышэйшую адукацыю ад застарэлых схем і падыходаў. Беларускія студэнты мусяць
мець магчымасць праходзіць частку свайго навучання ў іншых установах Беларусі і
за мяжой. Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны карыстацца аўтаноміяй, то бок
самастойна выбіраць свае органы кіравання і займацца падборам кадраў,
ажыццяўляць навучальную, навуковую і гаспадарча-фінансавую дзейнасць, мець статут і г.д. У вышэйшых навучальных
установах набходна існаванне студэнцкага самакіравання.
Для вышэйшай
адукацыі і навукі мусіць быць уласцівая акадэмічная свабода, якая засноўваецца
на двух галоўных прынцыпах:
·Як унутры, так і за межамі навучальнай установы або
навукова-даследчай арганізацыі дапускаецца поўная свабода ставіць любыя пытанні
і імкнуцца да ісціны, у тым ліку з нагоды супярэчлівых і непапулярных поглядаў,
незалежна ад таго, закранае ці не каго-небудзь той ці іншы пункт гледжання.
·Навучальныя ўстановы і навукова-даследчыя арганізацыі не
маюць права абмяжоўваць акадэмічныя свабоды для сваіх штатных супрацоўнікаў, а
таксама выкарыстоўваць іх публічныя заявы ў якасці падставы для дысцыплінарных
мер або звальнення.
МХД выступае
за пашырэнне ў сферы вышэйшай адукацыі беларускай мовы. У гэтым працэсе
мэтазгодна прытрымлівацца эканамічных стымулаў, а менавіта вярнуць практыку
надбавак да заробку тых выкладчыкаў, якія чытаюць свае лекцыі па-беларуску. Але
ў якасці пілотнага праекту беларусізацыі вышэйшай адукацыі МХД лічыць неабходным
стварэнне Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту на базе Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэту. У новым Нацыянальным універсітэце паступова ўсё
выкладанне перавесці на беларускую мову. Пры гэтым МХД выступае за захаванне
магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі і на іншых мовах, напрыклад, на
расейскай і ангельскай мовах.
Мы лічым,
што ў Беларусі могуць існаваць навучальныя установы розных форм уласнасці, як
дзяржаўныя, так і прыватныя. Дзяржаўная пачатковая і сярэдняя адукацыя мусяць
заставацца бясплатнымі, таксама бясплатнай мусіць быць часткова і вышэйшая
адукацыя. Паколькі адукацыя з’яўляецца важнай умовай паспяховай прафесійнай
рэалізацыі, то яна мусіць быць у роўнай ступені дасяжная як заможным
грамадзянам, так і тым грамадзянам, якія не могуць сабе дазволіць аплочваць
навучанне. Акрамя таго, што МХД выступае за наяўнасць бясплатнай вышэйшай
адукацыі, мы лічым неабходным стварыць адпаведныя ўмовы для існавання развітай
сістэмы грантаў на навучанне і спецыяльных стыпендыяў для адораных і паспяховых
студэнтаў. У дадзеным працэсе пажаданы самы актыўны ўдзел прыватнага бізнэсу ў
кантэксце яго сацыяльнай адказнасці.
МХД выступае
за адмену антыканстытуцыйнага абавязковага размеркавання, якое парушае правы
чалавека і з’яўляецца эканамічна неэфектыўным інстументам замацавання
спецыялістаў на месцах. Для вырашэння кадравага пытання будуць дзейнічаць
матэрыяльныя стымулы і выключныя сацыяльныя гарантыі.
Для пачатковай і сярэдняй адукацыі мэтазгодна існаванне такой альтэрнатывы,
як сямейная альбо хатняя адукацыя. Трэба развіваць сямейную адукацыю як
сістэму, якая мае сваёй мэтай даць магчымасць бацькам самім арганізоўваць
адукацыю дзяцей у той ступені, якую самі бацькі вызначаць, пры належным
дзяржаўным кантролі за працэсам і вынікамі сямейнай адукацыі.
МХД разглядае сістэму адукацыі праз патрэбы сям’і і неабходнасць павышэння
дэмаграфічнага патэнцыялу сям’і. Гэта з’яўляецца ўмовай як квітнеючай і
бяспечнай краіны ў цэлым, так і гарманічнага развіцця кожнага грамадзяніна, у
прыватнасці моладзі. Неабходна даць магчымасць маладым сем’ям атрымліваць
прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, і сярэдне-спецыяльную і вышэйшую
адукацыю. Гэта прадугледжвае перапрацоўку вучэбных планаў, вучэбнага асяроддзя
і іншых кампанентаў адукацыі такім чынам, каб цяжарным жанчынам і людзям з
малымі дзецьмі можна было ў поўнай меры ўдзельнічаць у навучальным працэсе.
МХД
выступае за:
- распрацоўку тэорыі дэмаграфічнага патэнцыялу для Беларусі;
- сацыяльную падтрымку моладзі пераважна ў кантэксце сямейнай палітыкі,
то бок спачатку як удзельнікаў сям’і сваіх бацькоў, а пасля як
стваральнікаў сваёй уласнай сям’і; - увядзенне ільгот на праезд у грамадскім гарадскім і міжгароднім
транспарце: для школьнікаў бясплатны праезд, для навучэнцаў і студэнтаў –
50 % ад кошту праезду; - арыентацыю сярэдняй адукацыі на выхаванне годных грамадзян з
патрыятычным светапоглядам і стваральнымі памкненнямі; - павелічэнне заняткаў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі
Беларусі; - увядзенне ў сярэдніх школах прадмета па асновах хрысціянскай культуры
і этыкі; - існаванне хатняй адукацыі пры належным кантролі з боку дзяржавы;
- увядзенне профільнага навучання ў старэйшых класах сярэдніх школ,
развіццё гімназіяў і ліцэяў; - павелічэнне беларускамоўных школ і беларускамоўных класаў;
- далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу;
- акадэмічную свабоду, аўтаномію вышэйшых навучальных устаноў і
студэнцкае самакіраванне; - арыентацыю беларускай адукацыі на сучасныя падыходы і методыкі
навучання, выкарыстанне ў навучальным працэсе інтэрнэту і
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў, забеспячэнне навучальных устаноў
неабходным тэхнічным абсталяваннем; - існаванне розных форм уласнасці (дзяржаўных, прыватных) адукацыйных
устаноў усіх узроўняў; - захаванне магчымасці бясплатнай вышэйшай адукацыі;
- адмену абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў;
- увядзенне сістэмы спецыяльных грантаў і стыпендыяў, якія могуць цалкам
пакрыць патрэбы ў пражыванні і харчаванні для таленавітых і паспяховых
студэнтаў; - стварэнне на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту цалкам
беларускамоўнай навучальнай установы – Беларускага Нацыянальнага
ўніверсітэту; - вяртанне надбавак да заработнай платы выкладчыкаў у выпадку чытання
курса на беларускай мове; - паступовае павышэнне заробкаў выкладчыкаў школ, сярэдніх
спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў да ўзроўню сярэднееўрапейскіх
заробкаў.