Павал Севярынец: «Першае пачуцьцё свабоды пасьля турмы — гэта як першае каханьне» (відэа)
Справа ў тым, што ў зьняволеньні — бліжэй да Бога, і калі губляеш зьнешнюю свабоду, то пачынаеш набываць унутраную. Тады засяроджваесься, тады пачынаеш аналізаваць стан свайго сэрца, проста пачынаеш шукаць свабоду ўнутры, калі яе няма звонку. І — прыходзіш да Бога. Я пакаяўся менавіта ў турме, у «Валадарцы» ў 1998 годзе прыйшоў да Хрыста.
Я зразумеў, дзеля чаго я быў у Купліне ці ў «амэрыканцы». Гэта было дзеля таго каб пасталець, гэта было дзеля таго, каб сустрэць сотні людзей, зь якімі пазнаёміўся і ў камэндатуры таксама. Гэта было і для новай кнігі «Беларуская глыбіня», гэта было і для больш як двух тысячаў лістоў, гэта было і для біблейскіх віктарын, якія мы разам з эвангельскімі вернікамі праводзілі на «хіміі», і для праваслаўных, зь якімі мы разам ладзілі антыалькагольныя кампаніі. Госпад проста намаляваў на мапе кропку і сказаў: «Трэба быць тут. Зараз твой лёс і тваё пакліканьне вось тут!» У любым такім выпрабаваньні трэба проста годна праходзіць гэты шлях.
Часам чытачы кажуць пра мае тэксты: «Павал, занадта многа Бібліі, занадта многа спасылак на Бога…» Але я адкажу так: «Сёньняшняй Беларусі вельмі не хапае Бога. Сёньняшняй Беларусі вельмі не хапае Божага слова. Сёньняшняй Беларусі, якая на першым ці другім месцы па самагубствах, якая забівае шэсьцьдзесят тысяч ненароджаных дзяцей і якая таксама паперадзе плянэты ўсёй па спажываньні алькаголю, для сёньняшняй Беларусі, якая згубіла мову і нацыянальную сьвядомасьць, — самы час успомніць пра Бога. Тут патрэбныя рэвалюцыйныя духоўныя пераўтварэньні.
Тую дзяўчыну, якая зьмяніла маё стаўленьне да ўсяго гэтага, завуць сымбалічна — Воля. Яе імя перагукаецца са Свабодай. Гэта вельмі таленавітая і вельмі прыгожая верніца, каталічка, і побач зь ёй я адчуваю, што часам уся Беларусь увасабляецца ў чалавеку. Так, як мы ёсьць вобраз і падабенства Божае, напэўна, кожны з нас ёсьць вобраз і падабенства Беларусі. Дык вось яна — сапраўдная беларусачка. Калі я гляджу на яе час ад часу, мне здаецца, што я бачу ўсю Беларусь».