Марына Каліноўская. ЗАКОН І ЖЫЦЦЁ. Ілюзія выбару

18 лістапада 2013 16:24  |  Грамадства

 

Думаю, 18 лістапада можна было б назваць днём заканадаўчага
замацавання ілюзіі. Не, гэта не дзень ілюзіяніста і не дзень прэм’еры лепшага
фокуса Дэвіда Коперфільда. 18 лістапада 1920 года ў СССР быў прыняты закон аб
легалізацыі абортаў.

Як вядома, прыхільнікі абмежавання і забароны абортаў называюць
свой рух pro-lifе(анг. за жыццё), бо іх намаганні
накіраваны на абарону жыцця ненароджаных дзяцей. Іх ідэалагічныя праціўнікі
называюць сябе актывістамі pro-choice (анг. за выбар), таму што адстойваюць
як вышэйшую каштоўнасць права жанчыны “распараджацца сваім целам” і яе права на
выбар.

Здавалася б, супрацьпастаўляюцца дзве роўна важныя каштоўнасці: жыццё і выбар.
Каму ж патрэбна жыццё без свабоды выбару? Свабода і права выбару, безумоўна, неад’емныя
правы чалавека. Аднак яны абмежаваныя павагай да іншага чалавека, рамкамі
законнага і маральнага. Відавочна, што ніхто не возьмецца абараняць права
чалавека на выбар паміж тым, каб набыць новы аўтамабіль ці скрасці яго ў
суседа. Закон, як правіла, гарантуе чалавеку права на выбар паміж “добрым і
добрым”, адводзячы непрымальныя і небяспечныя дзеянні ў сферу правапарушэнняў.

Менавіта таму законнасць абортаў стварае ілюзію, што выбар рабіць ці не рабіць
аборт ёсць выбарам паміж “добрым і добрым”. Але ж ад таго, што маленькага
чалавека назвалі “плодам” ці “эмбрыёнам” і ўзаконілі “перарыванне цяжарнасці”,
сутнасць выбару спыніць яго жыцце ніяк не змяняецца. Вы ж ведаеце, як завецца
свядомае рашэнне спыніць жыццё іншага чалавека? І гэты варыянт для выбару ні
пры якіх умовах “добрым” быць не можа.

Аднак, абаронцы права жанчыны на аборт не акцэнтуюць увагу на наступствах і
сутнасці такога выбару. Замест гэтага спасылаюцца на законнасць аборта ў
нацыянальным праве і міжнародныя дакументы ў сферы правоў чалавека, якія
наўпрост не гарантуюць права на жыццё таму, хто жыве ва ўлонні жанчыны. І так
умацоўваецца ўспадкаваная з СССР ілюзія аб праве на аборт як неад’емнае права
жанчыны “распараджацца сваім целам” і выбіраць паміж дзвюма быццам бы “добрымі”
опцыямі. Толькі пасля здзейсненага выбару зрабіць аборт многія ўсведамляюць яго
страшныя маральныя і фізічныя наступствы.

У беларускім кантэксце ўсё сказанае не прыводзіць да высновы, што неабходна
неадкладна забараніць аборты і асудзіць удзельнікаў. У сітуацыі, калі
перарыванне цяжарнасці стала нормай, найперш патрэбнае хаця б праўдзівае
азначэнне і маральная ацэнка такому выбару.

Праект новага закона“Аб ахове здароўя”,
які вызначае правілы правядзення абортаў, усё яшчэ знаходзіцца на разглядзе ў
Палаце прадстаўнікоў. Сярод іншыхабмяркоўваюццапрапановы прадугледзець права доктара
адмовіцца ад правядзення аборта, увесці абавязковыя кансультацыі для жанчын і
перыяд чакання да правядзення аперацыі.

Мяркую, беларускі парламент зараз мае выдатную магчымасць пакласці пачатак
канцу ілюзіі аб бяскрыўднасці абортаў і заканадаўча замацаваць абмежавальныя і
інфармацыйна-асветніцкія меры, якія б сігналізавалі грамадзянам аб
ненармальнасці і небяспецы “выбару на аборт”.

Болей навін