Севярынец: справа ксяндза Лазара – выпрабаванне для ўсіх беларусаў (відэа)
Каталіцкі святар
Уладзіслаў Лазар, які амаль шэсць месяцаў утрымліваецца ў СІЗА КДБ, з’яўляецца вобразам ахвяры беларускага народа, які не скарыўся
беззаконню.
“Ён – чалавек,
аддадзены Богу цалкам, настолькі, што гатовы аддаць жыццё за нас з вамі. Ён у
турме за тое, што мы з вамі маўчым, за тое, што мы не можам яго выпусціць, за тых праваабаронцаў, якія не прызнаюць яго вязнем
сумлення. Але хто як ні ксёндз Лазар вязень сумлення?” – адзначыў 19 лістапада на Марафоне салідарнасці з
затрыманым святаром сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская
хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, актывісты БХД змаглі сабраць больш за 5000 подпісаў за
вызваленне ксяндза ў 30 гарадах Беларусі і ў інтэрнэце. “Але гэтага недастаткова. Трэба працягваць
маліцца і працаваць. Гэта выпрабаванне для ўсіх нас. Калі беларусы не могуць
заступіцца за сваіх палітычных лідэраў, то яны павінны заступіцца за
святара”, – заявіў Севярынец, перадае карэспандэнт БДГ.
Пры гэтым палітык прывёў аналогію з біблейскім Лазарам, якога, паводле
Бібліі, Ісус Хрыстос уваскрасіў праз некалькі дзён пасля смерці з дапамогай
людзей, якія адчынілі камень ад магілы нябожчыка, і малітваў яго сваякоў. “Госпад чакае, калі збярэцца крытычная маса людзей, і тады па веры нашай камень
(КДБ – рэд.) будзе адвалены”, – лічыць сустаршыня БХД.
Палітык таксама заклікаў беларусаў ўдзельнічаць у малітвах за Беларусь
кожную пятніцу ў 20:00 каля Чырвонага касцёла, а каталікоў – запісваць службы
за больш хуткае вызваленне святара.
У сваю чаргу кіраўнік
перадвыбарчага штаба экс -кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Сяргей
Марцалеў выказаў здзіўленне пазіцыяй Каталіцкай царквы ў Беларусі і беларускіх
праваабаронцаў, якія, па яго словах, “робяць выгляд, што нічога не
адбываецца”.
Марцалеў, як былы вязень СІЗА КДБ, таксама вядомага як “амерыканка”,
заявіў, што ў “амерыканцы” з чалавекам робяць, усё што хочуць. “Ён не належыць сабе, ён ўласнасць СІЗА. Ён
ні на хвіліну не застаецца адзін, за ім нават ноччу праз камеру сочыць “мазгаверт”, які затым прыдумляе стратэгіі, як
зламаць чалавека”, – адзначыў ён.
Паводле яго слоў, у зняволенні самае важнае для чалавека – тое, што пра яго
памятаюць. “Самае страшнае – калі пра цябе забыліся “, – падкрэсліў
палітык, заклікаўшы пісаць ксяндзу Лазара лісты.
“Займаючы струсіную
пазіцыю, мы негалосна дазваляем фабрыкаваць крымінальныя справы”, – дадаў
Сяргей Марцалеў.
У сваю чаргу актывіст Аляксей Шэін прапанаваў кожнае першае чысло месяца ў
20:00 запальваць на вокнах свечкі салідарнасці з Уладзіславам Лазарам.
Па заканчэнні
“Марафону салідарнасці” прайшоў збор сродкаў на адваката затрыманаму
святару. Па словах актывістаў, наняты Каталіцкай царквой апынуўся не вельмі
адказным, а ў сувязі з тым, што працэдура яго адхілення ва ўмовах знаходжання
Уладзіслава Лазара ў СІЗА КДБ складана рэалізуецца, было вырашана наняць другога адваката, які аказаўся больш
адказным. Аднак на аплату яго паслуг неабходныя грошы.