Віталь Рымашэўскі: «Разгон быў бы ў любым выпадку»
Ці быў шанец на тое, каб Плошча скончылася па-іншаму? Верагодна, для ўладаў іншага сцэнару развіця падзеяў проста не было. Яны звыкла прымянілі сілу, прыкладна так, як разагналі намётавае мястэчка ў годзе 2006-м. То бок, іншымі метадамі ўлада дзейнічаць не можа. А ці магла па-іншаму дзейнічаць апазіцыя?
Першыя крокі ўлады па недапушчэнні ўладай Плошчы рабіліся яшчэ задоўга да дня галасавання. І брутальныя дзеянні пачаліся не на плошчы Незалежнасці, і не 19 снежня. 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, у Мінску быў затрыманы лідэр міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» Дзмітрый Дашкевіч, разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым. Па версіі следства, Дашкевіч і Лобаў з хуліганскіх падставаў «беспадстаўна і наўмысна» кулакамі і металічным прадметам збілі двух грамадзян. «Грамадзяне» нават на судзе засталіся ананімнымі, хаця насамрэч ніхто не сумняецца ў тым, што гэта была правакацыя.
Што было б, калі б Дашкевіч дайшоў да Плошчы, і як бы дзейнічаў «Малады фронт»? Зараз Дашкевіч кажа: у выпадку, калі б ён дайшоў да Плошчы, грамадзяне б бралі ўладу. «Мне цяжка сказаць, як бы мы ўплывалі на кандыдатаў у прэзідэнты, ці не ўплывалі. З некаторымі з кандыдатаў у нас былі канкрэтныя дамоўленасці, што мы робім, як гэта робім і калі гэта робім. Адказваючы за сябе і за сваіх паплечнікаў я скажу, што грамадзяне вярталі б сабе ўладу», — кажа Дашкевіч.
Якім бы чынам гэта адбывалася? Быў бы штурм Дома Урада і разгон Плошчы? Дашкевіч лічыць такія словы як «штурм» і «рэвалюцыя» усяго толькі «дэфініцыямі». «Кожны ўкладвае ў гэтыя словы свой сэнс. Я кажу, што народ бы вяртаў уладу. Калі на вуліцу выходзяць 30 — 50 тысяч, яны выходзяць для чагосці. Для таго, напрыклад, каб вярнуць сабе права голаса, якога ў краіне няма ўжо 20 год. Вяртанне права голаса — гэта і ёсць вяртанне ўлады. Ва ўсіх посткамуністычных краінах, у Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыне і іншых людзі выходзілі, каб вярнуць сабе ўладу, і вярталі яе», — адказвае Дашкевіч.
«Другім крокам» дла ўладаў стаў захоп групы Някляева з гукаўзмацняльнай апаратурай.
19 снежня прыкладна ў 19.00 калона на чале Някляевым пачала рух ў бок Кастрычніцкай плошчы ад офіса кампаніі «Гавары праўду!» на вуліцы Няміга. Прыкладна праз 15-20 хвілін шлях дэманстрантам перапыніў аўтамабіль дарожна-патрульнай службы з бартавым нумарам 622. Някляеў запатрабаваў, каб ім адкрылі праход, на што міліцыя адказала адмовай. Тады шэраг актывістаў паспрабавалі адцягнуць аўтамабіль з праезнай часткі. У гэты момант пачуліся выбухі, а пасля выбуху аднекуль ззаду з’явіліся «людзі ў чорным». На форме не было ніякіх апазнавальных знакаў. Яны паклалі ўсіх тварам у снег, моцна збілі актывістаў, і хуценька прысабечылі гукаўзмацняльную апаратуру. Някляеў быў збіты да беспрытомнасці, яго на руках аднеслі ў офіс і выклікалі хуткую дапамогу. У мікрааўтобусе, у якім знаходзілася гукаўзмацняльная апаратура, былі выбітыя вокны і пашкоджаны дзверы.
Віталь Рымашэўскі ўпэўнены — сілавыя дзеянні ўладаў усё роўна б былі. «Разгон быў бы ў любым выпадку. Але ў першым варыянце, каб мы спынілі гэты так званы «штурм», у Лукашэнкі не было б падставаў абвінавачваць нас у спробах гвалтоўна захапіць уладу. Бо некторыя нават на Захадзе ўсур’ёз успрынялі рыторыку афіцыйнага Мінска пра «штурм», «пераварот» і іншае. Такіх козыраў бы ў Лукашэнкі не было б, і рэпрэсіі былі б значна меншыя», — мяркуе Рымашэўскі.
Калі б дэманстранты варваліся ў Дом Ураду, то тут, упэўнены Рымашэўскі, не абышлося б «малой крывёй». «Нават спробы ўвайсці ў Дом Ураду выклікалі брутальны разгон і жорсткае збіццё безабаронных, і цалкам мірных дэманстрантаў. Калі б яны пайшлі ў Дом Урада, поўны войскамі спецпрызначэння, у вузкіх калідорах будынку… Наступствы былі б значна горшыя», — адзначае Рымашэўскі.