Віталь Рымашэўскі: Расея ўсталёўвае ва Ўкраіне дыктатуру
Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты, аднаго зь лідэраў БХД
Віталя Рымашэўскага, прынятыя ва Ўкраіне законы — дыктатарскія.
«Гэта шлях да дыктатуры. Я не назваў бы гэтыя законы
„беларускімі”, бо наагул „Беларусь”, „беларускае” не павінна асацыявацца з
дыктатурай. Трэба кожнаму народу, кожнай нацыі ясна ўсьведамляць, што дыктатура
можа стаць вынікам бяздарнай палітыкі і ня можа абмінуць ніводную краіну.
Таму гэта прыходзіць украінская дыктатура, і, безумоўна, за расейскія
грошы, з расейскім акцэнтам. За гэтымі законамі безумоўна стаіць расейская
дыктатура, расейскі шавінізм, які любымі сродкамі, любымі мэтадамі прагне
падпарадкаваць сабе тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Без падтрымкі Расеі
дыктатура ва Ўкраіне проста ўсталявацца ня можа. І прыняцьцё падобных законаў
безь фінансавай і палітычнай падтрымкі Расеі было б немагчыма».