Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка зразумеў, што на « выбары » ніхто не прыйдзе
Беларусы свядома
не пойдуць на мясцовыя « выбары». Такое меркаванне выказаў сустаршыня
аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД )
Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайту charter97.org заклік Лукашэнкі прыйсці на
мясцовыя «выбары».
«Тое, што
Лукашэнка заклікае ўдзельнічаць у спектаклі Ярмошынай, не дзіўна. Забарона
байкоту і загон людзей на выбарчыя ўчасткі – гэта два бакі аднаго медаля.
Безумоўна, яму трэба паказаць Захаду, што выбары ў нас ёсць. І наогул,
ўсвядомленая адсутнасць беларускіх грамадзян на выбарчых участках – гэта тая
дэманстрацыя пратэсту, якая па сілах кожнаму беларусу. Лукашэнкаўскім ідэолагам
будзе цяжка, нягледзячы на ўсе псеўдасацыялагічныя апытанні і падтасоўкі
справаздач чыноўнікаў, пустыя выбарчыя ўчасткі відавочныя, і іх не магчыма
схаваць. Гэта значыць Лукашэнка зразумеў, што на «выбары» ніхто не прыйдзе.
Адсюль такая рэакцыя і жаданне загнаць людзей», – лічыць палітык.
Пры гэтым
сустаршыня БХД перакананы, што «зноў будуць выкарыстоўваць прымусовыя метады,
нягледзячы на тое, што няма ніжняга парога яўкі, і будуць завабліваць людзей
таннай гарэлкай і іншымі рэчамі».
«Што тычыцца
заяваў аб тым, што прэзідэнцкія «выбары» 2015 будуць сумленнымі, то яны ўвогуле
не могуць быць законными, калі ў іх будзе ўдзельнічаць Лукашэнка. Таму што «рэферэндум»
2004 года, які змяніў Канстытуцыю, не быў прызнаны дэмакратычным і легітымным.
Таму па сутнасці ён не мае права балатавацца», – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, учора
на сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ беларускі кіраўнік
настойліва папрасіў беларусаў прыйсці на маючыя адбыцца «выбары» ў мясцовыя
саветы.
Нагадаем, Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя не
ўдзельнічае ў “выбарах”. “Выбараў” у Беларусі няма, іх
фальсіфікуюць. Мы выкарыстоўваем кампанію каб данесці да людзей праўду,
далучыць іх да працы БХД і стварыць альтэрнатыўныя ўрады ў кожным горадзе і
мястэчку Беларусі. Мы рэгіструем ініцыятыўныя групы, збіраем подпісы, агітуем –
але не за “выбары”, а за БХД і Беларусь.