Шэлег абяцае 250 мільёнаў за зьвесткі пра нападнікаў на дачку

31 студзеня 2014 21:16  |  Палітыка

250 мільёнаў рублёў абяцае выплаціць жыхар Бабруйску, актывіст аргкамітэту БХД Вячаслаў
Шэлег за зьвесткі, якія дапамогуць выкрыць злачынцаў, што напалі на ягоную
дачку Натальлю.

 

Такое рашэньне Вячаслаў Шэлег прыняў пасьля таго, як яму
паведамілі са Сьледчага камітэту, што папярэдняе сьледзтва па крымінальнай
справе па факце хуліганскіх дзеяньняў супраць Натальлі прыпынена.

 

Як кажа Вячаслаў, Сьледчы камітэт аргумэнтуе сваё рашэньне
тым, што ня выяўлены абвінавачаны.

 

«Нікога яны, як я зразумеў, не знайшлі, таму я вырашыў браць
на сябе і самому шукаць. З чаго трэба пачынаць? З аб’явы і ўзнагароджаньня. Я
гатовы аддаць гэтую суму таму, хто дапаможа ў раскрыцьці злачынства», —
зазначае Вячаслаў Шэлег.

 

27 ліпеня шаснаццацігадовую Натальлю невядомыя ўдарылі па
галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а калі яна страціла прытомнасьць, вывезьлі ў
лес, дзе пакінулі, выпацкаўшы ў чорную фарбу ды забраўшы абутак. Пасьля доўгага
блуканьня па лесе дзяўчына выйшла на дарогу, спыніла машыну і праз тэлефон
кіроўцы паведаміла родным, дзе яна.

 

Як сьцьвярджае Вячаслаў, Натальля дагэтуль мае праблемы са
здароўем.

 

У Вячаслава Шэлега свой бізнэс. У 2006 годзе, пасьля таго як
у яго канфіскавалі партыю тавару, заняўся грамадзкай дзейнасьцю. У 2008-м
балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. У звароце да выбарцаў казаў пра карупцыю ў
структурах мясцовай улады. Пазьней далучыўся да апазыцыйнай дзейнасьці. Стаў
сябрам аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
У сям’і Шэлегаў не выключаюць, што напад на Натальлю мог быць зьвязаны з
грамадзкай дзейнасьцю бацькі.

Болей навін