Віталь Рымашэўскі: «Партыя ўлады» вырачаная на поўны крах
Праўладная партыя
патрэбная рэжыму Лукашэнкі для маскіроўкі пад дэмакратыю. Пра гэта заявіў
сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
(БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайту charter97.org перспектывы стварэння ў
Беларусі «партыі ўлады».
«Праўладная
партыя была б патрэбная гэтаму рэжыму для мімікрыі пад менш дыктатарскі і больш
дэмакратычны, падобны хоць бы на пуцінскі або рэжым Януковіча. Але на самой
справе да пераходу ў плоскасць партыйнай псеўдабарацьбы сённяшні рэжым не
гатовы», – лічыць палітык.
Сустаршыня БХД
адзначыў, што існуе партыя ўлады, якая складаецца з сілавых структур,
чынавенства, а таксама праўладных алігархаў.
«Гэта тая
сістэма, якая цяпер кіруе Беларуссю. А стварэнне партыі «Белая Русь» або
якой-небудзь іншай на сённяшні дзень не выгаднае Лукашэнку, таму што па
сутнасці людзі, якіх вылучаюць кандыдатамі ў мясцовыя саветы і «палату
прадстаўнікоў» ад «Белай Русі» і БРСМ, у сваёй большасці абсалютна бяздарныя і
неадукаваныя ў палітычным плане. Таму я думаю, што ўсё гэта скончыцца поўным
крахам», – перакананы Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем,
неўязная ў ЕЗ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што «ў любы момант можна
аб’явіць і стварыць рэальную партыю і назваць яе партыяй улады». Меркаванне аб
тым, што «ў нашай краіне не хапае нейкай вядучай партыі» агучыў нядаўна Аляксандр
Лукашэнка.