Віталь Рымашэўскі: Выбарчыя камісіі сталі часткай рэпрэсіўнага апарату (відэа)
“Выбарчыя камісіі сталі часткай рэпрэсіўнага апарату”, — заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 14 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
“Яны перасталі быць толькі інструментам фальсіфікацыі выбараў і сталі працаваць у цеснай сувязі з сілавымі структурамі”, — падкрэсліў ён.
Рымашэўскі лічыць, што ў Беларусі адсутнічаюць магчымасці для правядзення нармальнай эфектыўнай выбарчай кампаніі. “Сітуацыя стала значна горшай нават у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года. Мы будзем настойваць на тым, каб вінаватыя ў рэпрэсіях у дачыненні да дэмакратычных удзельнікаў выбарчай кампаніі ўносіліся ў спісы асоб, да якіх прымяняюцца візавыя санкцыі ЕС”, — сказаў ён.
Пры гэтым палітык адзначыў, што выбаршчыкі могуць падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, але “ненавідзяць карумпаваных чыноўнікаў і міліцыю”. “Падчас выбарчай кампаніі мы паспрабуем данесці да людзей, што за карумпаванымі чыноўнікамі стаіць адзін чалавек, у якога ў руках сканцэнтравана ўся паўната ўлады”, — сказаў ён.