У Глыбокім забаранілі пікет да Дня Канстытуцыі
Прычына забароны, паводле райвыканкаму – адсутнасць дамоў на
абслугоўванне акцыі медыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. “Між тым,
ні медыкі, ні камунальшчыкі ўвогуле не адказалі на нашу прапанову заключыць
дамовы”, — гаворыць адзін з заяўнікаў акцыі, прамоўца БХД Зміцер Лупач.
Ён распавёў, што заява ў райвыканкам была накіравана ў той
самы дзень, як і лісты да адказных службаў:
“Выканкам паспяшаўся, адказаў нам праз 10 дзён. Следам
за лістом пра забарону акцыі прыйшоў адказ з райаддзела міліцыі. З яго вынікае,
што міліцэйскае кіраўніцтва знарок чакала, пакуль нам адмовяць. Бо агульны сэнс
ліста такі: маўляў, вам забаранілі праводзіць акцыю, значыць, і мы дамову лічым
немэтазгоднай. Камунальная служба і паліклініка маўчаць дагэтуль, не кажуць нам
ні “так”, ні “не”. Каб адказы прыйшлі своечасова і былі
станоўчыя, то да 15 сакавіка мы б паспелі яшчэ раз звярнуцца ў выканкам наконт
правядзення пікета да Дня Канстытуцыі”.
Пікет да Дня Канстытуцыі мусіў быць доказам павагі з боку
дзяржавы да асноўнага дзяржаўнага дакументу, дзе прапісаныя галоўныя правы
грамадзян, лічаць заяўнікі акцыі, глыбоцкія актывісты Яраслаў Берніковіч і
Зміцер Лупач
Аднак на сенняшні дзень з рэалізацыяй права на публічнае
выказванне сваіх меркаванняў і права на сходы ў Глыбокім відавочныя праблемы.
Не дазволены ні пікет да Дня Канстытуцыі, ні папярэдняя акцыя – пікет
салідарнасці з палітвязнямі, які не адбыўся ў Глыбокім 23 лістапада мінулага
года.
Глыбоцкі выканкам грунтуе свае адмовы на адной і той самай
падставе – спасылаецца на адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцый, якія
неабходна заключаць папярэдне ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама №167
“Аб вызначэнні месцаў для правядзення мітынгаў і пікетавання” . Але
зрабіць гэта папярэдне, як высветляецца, немагчыма – бо адказныя службы знарок
чакаюць, пакуль мясцовыя ўлады забароняць акцыі.