Зарэгістравана толькі траціна прамоўцаў БХД

24 лютага 2014 14:55  |  Галоўныя навіны

Са 131
прадстаўніка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя”, якія падалі дакументы на рэгістрацы, зарэгістраваныя толькі
42 чалавекі.

 

Так, у Віцебскай
вобласці падалі дакументы на рэгістрацыю 29 сябраў БХД, і іх зарэгістраваныя
толькі 6, у Менску – толькі 3 з 21-го. На ўсе нерэгістрацыі пададзеныя скаргі,
якія мусяць быць разгледжаныя ў бліжэйшы час.

 

Таксама
кіраўніцтва БХД 24 лютага пераслала калектыўны зварот
у Цэнтральную выбарчую камісію, у якім адзначаецца неправамоцнасць пп. 4 п. 10 Практычнага дапаможніка
для тэрыятарыяльных і акружных камісій пра тое, што трохдзённы тэрмін на
абскарджванне нерэгістрацыі ўключае дзень, у які было выдадзена адпаведнае
рашэнне.

 

Аднак артыкул 192
Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкул 150 Грамадзянска-працэсуальнага
кодэкса вызначаюць, што тэрмін “пачынаецца на наступны дзень пасля
каляндарнай даты цi наступлення падзеі, якім вызначаны яго пачатак”. “Згодна
з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах
Рэспублікі Беларусь” ад 10 студзеня 2000 г. № 361 – кодэксы маюць большую
юрыдычную моц у адносінах да іншых законаў”, – падкрэсліваецца ў звароце.

 

“Такім чынам,
тлумачэнне, дадзенае ў дапаможніку, з якога вынікае, што ў трохдзённы тэрмін
ўваходзіць дзень, у які прынята рашэнне, супярэчыць заканадаўству і парушае
законныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго,
паколькі рашэнне камісіі выносіцца пасля пачатку яе працы (г.зн. фактычна ў
сярэдзіне або другой палове дня), і згодна з Выбарчым заканадаўствам можа
ўручацца на наступны дзень (як паказвае практыка рашэнні камісій падчас дзеючай
выбарчай кампаніі выдаваліся менавіта на наступны дзень пасля іх прыняцця) пры
вылічэнні тэрміну на абскарджанне згодна з дапаможнікам, у асобы, якая мае
намер абскардзіць рашэнне, фактычна ёсць толькі адзін дзень. Гэта таксама
супярэчыць нормам Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра трохдзённы тэрмін
для абскарджвання рашэнняў. У цяперашні час
абскарджваюцца рашэнні выбарчых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці
дэпутатаў. Прынцыпова важным з’яўляецца правільны падлік тэрмінаў для
абскарджання. Просім унесці змены ў Дапаможнік і растлумачыць ў ім правільны
парадак вылічэння тэрмінаў згодна з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь
і данесці гэтую інфармацыю да ўсіх камісій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”,
– адзначае ў звароце кіраўніцтва БХД.

Болей навін