З 53 скаргаў БХД на нерэгістрацыю задаволілі адну
Сёньня Менская абласная выбарчая камісія адмяніла рашэньне
Каладзішчанскай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі актывісту Беларускай
хрысьціянскай дэмакратыі Алесю Кутасаву.
Вырашана зарэгістраваць спадара Кутасава кандыдатам у
дэпутаты абласнога савету па Каладзішчанскай выбарчай акрузе № 14 і выдаць яму
адпаведнае пасьведчаньне.
Гэта першы выпадак, калі станоўчае рашэньне прынятае адносна
дэмакратычнага кандыдата, які вылучаўся праз збор подпісаў. Раней камісіі
вышэйшага роўню і суды зарэгістравалі таксама Генадзя Ігумнава, Мікалая Дылько
і Ільлю Дабратвора. Але гэтыя трое вылучаліся ад палітычных партыяў.
У размове са Свабодай Алесь Кутасаў распавёў:
«Я ня мог скарыстацца партыйным вылучэньнем, паколькі наша
партыя БХД афіцыйна дагэтуль не зарэгістраваная. Але я жыву ў Калодзішчах з
2006 году, добра ведаю мясцовых людзей, як і яны мяне. Таму сабраць подпісы для
мяне не было праблемай.
Я ведаў, што мае дакумэнты камісія будзе праглядаць асабліва
ўважліва. І таму мая каманда вельмі адказна паставілася да збору подпісаў. Тут
да мяне прычапіцца не змаглі».
Адказны сакратар аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД
Дзяніс Садоўскі кажа:
«Выпадак з Алесем Кутасавым — гэта нейкі цуд. Нашы актывісты
падалі 53 скаргі на адмовы ім у рэгістрацыі. А задаволілі толькі адну».