Дзяніс Садоўскі: улады працягваюць ігнараваць міжнародныя стандарты свабодных і дэмакратычных выбараў (відэа)

28 лютага 2014 17:25  |  Галоўныя навіны

У параўнанні з папярэднімі кампаніямі па выбарах мясцовых
саветаў, што праводзіліся ў незалежнай Беларусі, кампанія 2014 года вылучаецца
значным пагаршэннем умоваў вядзення выбарчай працы для дэмакратычных палітычных
партыяў і грамадска-палітычных арганізацыяў, а таксама для ўсіх незалежных ад
уладаў прэтэндэнтаў на месца ў саветах. Аб гэтым гаварылася на прэс-канферэнцыі
сябраў Сакратарыяту кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі “Права выбару”, –
намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова і адказнага сакратара Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага, – якая прайшла 28 лютага ў Мінску.

 

Удзельнікі прэс-канферэнцыі звярнулі ўвагу на тое, што пасля
фармавання выбарчых камісіяў усіх узроўняў практычна на 100% з лаяльных да сябе
асобаў, на этапе вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў улады зрабілі ўсё магчымае,
каб не дапусціць сапраўднай канкурэнцыі падчас саміх выбараў і мінімізаваць
удзел у іх не ўзгодненых мясцовымі адміністрацыямі кандыдатаў.

 

Ігар Лялькоў прэзентаваў агульныя высновы “Прамежкавай
ацэнкі этапу вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты”, падрыхтаванай
кампаніяй “Права выбару” на падставе матэрыялаў доўгатэрміновага назірання,
якое ладзіцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі сіламі яе рэгіянальных прадстаўнікоў
(поўную версію гэтага дакумента гл. у дадатку):

 

1. На стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэння
кандыдатаў праз збор подпісаў, у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі,
павялічылася колькасць адмоваў у рэгістрацыі, у тым ліку абгрунтаваных зменамі,
што былі ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс увосень 2013 года.

 

2. Пры ажыццяўленні збора подпісаў ініцыятыўныя групы
сутыкаліся з перашкодамі ў рэалізацыі права на правядзенне пікетаў: у шэрагу
гарадоў месцы, у якіх забароненае правядзенне пікетаў, ахоплівалі значыныя
тэрыторыі, якія найбольш наведваюцца грамадзянамі. Часцяком правядзенне пікетаў
сутыкалася з павышанай увагай праваахоўных органаў, якія, сярод іншага,
умешваліся ў працу ініцыятыўных груп (напрыклад, забаранялі збіраць подпісы пад
патрабаваннямі “Народнага рэферэндуму” альбо забаранялі выкарыстанне
нацыянальных сцягоў). Часам гэтыя перашкоды былі суправаджаліся прыцягненнем
зборшчыкаў подпісаў да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне парадку
правядзення масавых мерапрыемстваў.

 

3. Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі значнай колькасці
кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў, пры гэтым працэнт адмоваў для апазыцыйных
вылучэнцаў значна перавышае працэнт адмоваў для кандыдатаў ад лаяльных уладам
партыяў і кандыдатаў, што карыстаюцца падтрымкай улады. Найбольш пацярпелі ад
адмоваў тыя кандыдаты, што вылучаліся праз збор подпісаў (у параўнанні з
вылучэннем ад партыйных арганізацыйных структураў).

 

4. У цэлым актыўнасць палітычных суб’ектаў апазыцыі (як
зарэгістраваных палітычных партыяў, так і незарэгістраваных аб’яднанняў і
рухаў) на выбарах не высокая і нязначна адрозніваецца ад той, якая назіралася
на мінулых мясцовых выбарах 2010 года.

 

5. Абскарджанне рашэнняў аб адмове ў рэгістрацыі
ініцыятыўнай групы альбо адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў вышэйшых камісіях і ў
судзе не стала эфектыўным сродкам перагляду рашэнняў. Не было зафіксавана
выпадкаў пазытыўных рашэнняў па скаргах на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных
групаў.

 

Толькі ў адзінкавых выпадках абскарджванне адмовы ў
рэгістрацыі кандыдатаў ў дэпутаты прынесла станоўчы вынік. Пры гэтым не
зафіксавана выпадкаў, каб вышэйшая камісія альбо суд адмянілі адмову ў
рэгістрацыі прэтэндэнтаў, якія былі вылучаныя шляхам збору подпісаў.

 

Дзяніс Садоўскі дапоўніў гэтыя высновы канкрэтнымі
прыкладамі перашкодаў, з якімі сутыкнуліся і ініцыятыўныя групы па зборы
подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, і самі кандыдаты ўжо на этапе рэгістрацыі.

 

“Сёння мы вымушаная канстатаваць, што вынікі ўсіх
этапаў выбарчай кампаніі 2014 года пераканаўча сведчаць пра тое, што беларускія
ўлады працягваюць свядома ігнараваць міжнародныя стандарты свабодных і
дэмакратычных выбараў, груба парушаюць прынцып роўнасці правоў палітычных
партый і арганізацый, грамадзянаў, незалежна ад іх палітычнай накіраванасці, на
ўдзел у выбарчым працэсе. У такой сітуацыі працэдура выбараў не спрыяе
сапраўднаму волевыяўленню грамадзянаў і служаць падставай для агульнага
недаверу вынікам выбараў”, – адзначыў адказны сакратар БХД.

 

Такім чынам, кампанія “Права выбару” вымушаная канстатаваць,
што вынікі ўсіх этапаў выбарчай кампаніі 2014 года пераканаўча сведчаць пра
тое, што беларускія ўлады працягваюць свядома ігнараваць міжнародныя стандарты
свабодных і дэмакратычных выбараў, груба парушаюць прынцып роўнасці правоў
палітычных партый і арганізацый, грамадзянаў, незалежна ад іх палітычнай
накіраванасці, на ўдзел у выбарчым працэсе. У такой сітуацыі працэдура выбараў
не спрыяе сапраўднаму волевыяўленню грамадзянаў і служаць падставай для
агульнага недаверу вынікам выбараў.

 

Болей навін