Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў звярнуліся да расейскіх уладаў

03 сакавіка 2014 16:52  |  Галоўныя навіны

Лідары
дэмакратычных партыяў Беларусі звярнуліся з афіцыйным зваротам да амбасады
Расеі ў Беларусі, прэзідэнта, ураду і Дзяржаўнай думы Расеі. Зварот падпісалі
сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, старшыня Аб’яднанай
грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

 

У звароце
выказваецца пратэст супраць “незаконнага ўводу войскаў Расеййскай
Федэрацыі ва Украіну і ваеннага ўварвання на тэрыторыю незалежнай
дзяржавы”.

 

“Мы асуджаем
акт непрыхаванай агрэсіі з боку ўрада Расіі ў дачыненні да Украіны і
ўкраінскага народа. Дзеянні расейскага кіраўніцтва сеюць варожасць паміж
народамі і правакуюць узброены канфлікт ва Усходняй Еўропе.

Патрабуем
выканання міжнародных дамоваў, падпісаных Расейскай Федэрацыяй, якія гарантуюць
захаванне тэрытарыяльнай цэласці і незалежнасці Украіны. Заклікаем спыніць
правакацыі і неадкладна вывесці войскі з тэрыторыі Украіны”, – адзначаецца
ў дакуменце.

 

“Мы
перакананыя ў тым, што большасць беларусаў сёння салідарныя з украінскім
народам у яго барацьбе за дэмакратыю і незалежнасць”, – падкрэсліваюць
падпісанты звароту.

 

3 сакавіка зварот
у расейскую амбасаду перадаў Віталь Рымашэўскі. Хаця абмасадар і адмовіўся
сустракацца з ім, тым не менш дакумент быў перададзены. На гэту падзею вельмі
нервова рэагавалі міліцыянты, якія прымусілі выдаліць фотаздымкі, зробленыя
каля амбасады.

 

“Беларускія
дэмакратычныя сілы заўсёды выказвалі падтрымку ўкраінскаму народу, яго змаганню
за сваю свабоду і незалежнасць. Зварот складзены на просьбу нашых украінскіх
калегаў, якія папрасілі нас афіцыйна звяртацца да расейскіх уладаў. Гэта тая
форма салідарнасці, якую можа зрабіць кожны і якая прыносіць плён. Мы заклікаем
усе беларускія партыі, рухі і арганізацыі, простых беларусаў звяртацца ў
расейскую амбасаду – праз пошту ці непасрэдна – з падобнымі зваротамі”, –
пракаментаваў Віталь Рымашэўскі.

 

Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў звярнуліся да расейскіх уладаў

Болей навін