П’яныя і “блакітныя” супраць назіральнікаў ад БХД: з аднаго ўчастка выгналі адразу двух назіральнікаў “Права выбару” (абноўлена)
З 49-га ўчастка Чкалаўскай
выбарчай акругі № 19 у Менску выгналі адразу двух назіральнікаў
Беларускай
Хрысціянскай Дэмакратыі – Яўгена Батуру і Дыяну Серадзюк, якія назіралі
ў межах
кампаніі “Права выбару”. Прычым гэта адбылося з дапамогай загадзя
спланаванай бруднай правакацыі пры ўдзеле двух п’яных “назіральнікаў”.
Яўген Батура распавёў прэс-службе БХД, як гэта адбылося:
” Прыкладна, а 6-й гадзіне вечара перад пачаткам правакацыі праўладную назіральніцу, якая сідзела побач з намі, старшыня пазваў да сябе ў кабінет. Вярнуўшыся адтуль, яна паведаміла, што ёй сказалі сысці, і развіталася. З гэтага вынікае, што правакацыя супраць нас была спланаваная загадзя непасрэдна самой выбарчай камісіяй.
Неўзабаве прыйшла іншая жанчына-“назіральніца”, пазнаёмілася, завязала гутарку.
І тут падышлі 2 чалавекі з алкагольным перагарам, таксама прадставіліся назіральнікамі. Адзін сеў побач з Дыянай, другі – побач са мной. Пачалі гучна прыставаць да нас:
“Малая, а што ты пішаш, а чаму ў цябе фоцік ляжыць”. Прычым, фотаапарат быў выключаны і ляжаў дагары нагамі. Адразу ж падключылася папярэдняя жанчына: “ты, можа, і мяне фоткаеш”.
Тут падбег старшыня: “вы фатаграфуеце, я вас выдаляю і выклікаю міліцыю”. Дыяна вымушаная была сысці, ледзь збегшы ад п’янага правакатара.
Тым часам другі стаў чапляцца да мяне, лез у твар ледзь не з пацалункамі: “ты мне падабаешся”, “а чаму ў цябе ляжыць тэлефон, ён жа з дыктафонам, ты мяне запісваеш”.
І адразу мяне абкружылі старшыня, сакратар і сябры камісіі разам з псеўда-назіральнікамі: “колькі часу ён здымаў, 10 хвілін ці 15″. Старшыня пайшоў выклікаць міліцыю. І мне таксама давялося хутка сыходзіць, каб не апынуцца за кратамі”.
Скаргу на гэтую абуральную правакацыю назіральнікі кампаніі “Права выбару” падалі ў Кастрычніцкую раённую тэрытарыяльную камісію, патрабуючы, як і напісана ў Выбарчым кодэксе, неадкладнага рэагавання. Але старшыня камісіі сказаў, што адкажуць заўтра, бо “спачатку кушаюць, пасьля какаюць”.
Дарэчы, у раённай камісіі, куды назіральнікі даехалі ў 9 гадзінаў вечара, высветлілася, што іх камісія ўжо здала свае пратаколы і бюлетэні адной з першых. “Вядома, без назіральнікаў хутка намалявалі вынікі,” – зрабіў выснову Яўген.