Чыноўнікі – змагарам з беззаконнем у справе АЧС: Вы ўсё адно нічога не даб’ецеся
Прадстаўнікі
бярозаўскіх раённых уладаў падманулі мясцовых жыхароў, заявіўшы, што пытанне
вылучэння пяцікіламетровых зонаў ад свінакомплексаў, на тэрыторыі якіх забароненае
гадаванне свінняў, знаходзіцца не ў іх кампетэнцыі.
У сувязі з гэтым
бярозаўцы былі змушаныя звярнуцца ў Дэпартамент ветэрынарнага нагляду
Мінсяльгасхарчу. Пад зваротам падпісаліся 583 чалавекі. Аднак у Дэпартаменце
адказалі, што 5-кіламетровыя зоны вылучаюцца мясцовымі райваканкамі на падставе
ландшафту, размешчанасці гаспадарак і эпізаатычнай абстаноўкі. “Нас
падманулі, увялі ў зман”, – кажа ініцыятар звароту Аляксандр Аліхвер.
Нягледзячы на
гэта, паводле яго словаў, прадстаўнік упраўлення сельскай гаспадаркі
райвыканкаму Аляксей Жолцікаў у вуснай гутарцы паўторна заявіў актывістам, што пяцікіламетровыя
зоны не ў кампетэнцыі раённых уладаў. Калі ж яму заявілі, што у Мінсяльгасхарчу
кажуць адваротнае, чыноўнік сказаў: “Вы ўсё адно нічога не
даб’ецеся!”.
Аляксандр Аліхвер
не збіраецца пакідаць гэтую справу проста так. “Улады пакінулі дзве
свінафермы, а ў 17 вёсках сялянскіх свінняў павыразалі. Гэта наўпрост
супярэчыць Канстытуцыі, паводле якой дзяржаўнай маёмасць, і прыватная роўныя.
Тут жа чыноўнікі сабраліся і ўсё вырашылі, а людзей паставілі ўжо перад
фактам”, – дадаў ён.